У красавіку беларускіх кіроўцаў чакаюць змены
8- 31.03.2025, 8:00
- 16,004

Тры галоўныя новаўвядзенні.
У Беларусі на працягу красавіка для кіроўцаў увядуць некалькі змен. Яны ў тым ліку тычацца страховак і тэхагляду. “Зеркало” склала падборку такіх навін.
Змяненні ў страхоўках
З 23 красавіка запрацуюць новаўвядзенні ў страхаванні. Так, чыноўнікі зацвердзілі дамову абавязковага страхавання цывільнай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, якая будзе дзейнічаць у Беларусі і Расеі.
Сума залежыць ад працоўнага аб'ёму рухавіка. Напрыклад, для аўтамабіляў з аб'ёмам ад 1800 да 2500 см³ страхоўка на 15 дзён каштавацьме 1,57 базавай адзінкі (65,94 рубля), а на год - 3,88 (162,96 рубля). Гэта значыць саюзная страхоўка агулам больш выгадная за "сінюю карту" для тых, хто часта ездзіць у Расею.
Яшчэ адна навіна датычыцца "сініх карт", якія беларускія кіроўцы могуць выкарыстоўваць для паездак у Расею (як і жыхары гэтай краіны для таго, каб прыехаць да нас). Кошт гэтых страховак разлічваецца ў еўрах. Але з 23 красавіка іх прывяжуць да базавай адзінкі, якая зараз складае 42 рублі. Напрыклад, страхоўка на легкавы аўтамабіль на адзін месяц каштавацьме 68,68 рубля (такой будзе сума, калі запрацуюць змены — праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання, гэта значыць у 20-х днях красавіка). Зараз жа тарыф на месяц - 19 еўраў.
Новаўвядзенне пры тэхаглядзе
З 11 красавіка з'явяцца змены пры тэхаглядзе, гэта прадугледжана пастановай Мінтранса. Так, тэрмін дзеяння дазволаў на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, якія выдаюцца "Белтэхаглядам" для таксі, маршрутак і аўтобусаў, прывязалі да года выпуску транспартнага сродку.
Гэтым дакументам таксама ўвялі змену і для легкавых аўтамабіляў. У ёй пазначана, што для легкавікоў, грузавых аўтамабіляў і прычэпаў з дазволенай максімальнай масай да 3,5 т, квадрацыклаў, матацыклаў і мапедаў, з года выпуску якіх прайшло менш за тры гады, дазволы на допуск да ўдзелу ў дарожным руху будуць выдавацца на тры гады.
Змяненне для кіроўцаў грамадскага транспарту
З 1 красавіка ўвядуць новаўвядзенні ў рэжым працы і адпачынку кіроўцаў, якія выконваюць унутрырэспубліканскія аўтамабільныя перавозкі, а таксама тых, хто кіруе тралейбусамі і трамваямі.
Чыноўнікі прапісалі, што ўключаецца ў працоўны час такіх працаўнікоў. Яшчэ яны далі больш дакладнае вызначэнне, калі мае месца час прастояў не з віны кіроўцы на працягу працоўнага дня.