Вікторыя Азаранка імкліва падае ў рэйтынгу
4- 31.03.2025, 11:23
- 1,816

Былая першая ракетка з Беларусі перамясцілася на 47-е месца.
Беларуска Вікторыя Азаранка ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) перамясцілася на 47-е месца, піша «Зеркало».
Былая першая ракетка Азаранка страціла адразу 15 пазіцый у параўнанні з папярэдняй версіяй рэйтынгу. Усяму віной выступ на турніры ў Маямі. Яна прайшла першае кола, перамогшы ўкраінку Ангеліну Калініну (тая пасля матчу адмовілася ад поціску рукі з беларускай), а ў наступным раўндзе ў пачатку другога сэта знялася праз пашкоджанне пляча.
Зрэшты, увесь 2025 год складаецца для Вікторыі не лепшым чынам. Яна скончыла мінулы год 20-ай у рэйтынгу. Але прайшоў шэраг няўдалых турніраў. Беларуска выступала ў Брысбэне і саступіла ў сваім другім матчы. Затым на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі ў Мэльбурне і спаборніцтвах у горадзе Доха быў вылет ужо ў першым коле. У Дубаі і амерыканскім Індыян-Уэлсе Азаранка саступіла ў другім раўндзе. Пасля гэтага і была няўдача разам з траўмай у Маямі.
У 35-гадовай беларускі няма тытулаў у адзіночным разрадзе са жніўня 2020 года. Мінулы сезон яна датэрмінова скончыла праз праблемы са здароўем у верасні. Але адзначым, што ў топ-50 рэйтынгу няма ніводнай спартоўкі старэйшай за Азаранку.
26-гадовая Арына Сабаленка пасля перамогі ў Маямі ўпэўнена ў лідарах у сусветнай класіфікацыі, яшчэ больш павялічыўшы адрыў ад полькі Ігі Свёнтэк. Трэцяя з беларусак, 31-гадовая Аляксандра Сасновіч, займае 113-ю пазіцыю. Найлепшы сярод мужчын, 32-гадовы Ягор Герасімаў, ідзе толькі 378-м