Кошт золата дасягнуў рэкорднага ўзроўню
- 31.03.2025, 15:21
- 1,856

Новая хваля інвестыцый у каштоўны метал звязаная з асцярогамі з нагоды мытаў ЗША.
У панядзелак цана золата дасягнула рэкорднага ўзроўню $3 106,50 за ўнцыю.
Асцярогі наконт мыт прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і магчымых эканамічных наступстваў у спалучэнні з геапалітычнай нестабільнасцю прывялі да новай хвалі інвестыцый у гэты актыў, піша Reuters.
З пачатку года золата падаражэла больш як на 18%. Раней у гэтым месяцы кошт упершыню перавысіў $3000 за ўнцыю - важную адзнаку, якую экспэрты звязваюць з асцярогамі з нагоды эканамічнай нестабільнасці, геапалітычнай напружанасці і інфляцыі.
Да таго ж, рост кошту золата заахвоціў шэраг банкаў падвысіць свае прагнозы.
У гэтым месяцы Goldman Sachs, Bank of America і UBS павысілі свае мэтавыя кошты золата. Goldman чакае, што да канца года кошт дасягне $3300 за ўнцыю супраць папярэдняга прагнозу на $3100. Bank of America прагназуе $3 063 за ўнцыю ў 2025 годзе і $3 350 у 2026 годзе, што вышэй за яго папярэднія адзнакі на $ 2725 і $ 2625.
З моманту ўступлення на пасаду Трамп прапанаваў планы ўкаранення новых мытаў для абароны амерыканскай прамысловасці і скарачэнні гандлёвага дэфіцыту.
Чакаецца, што 2 красавіка ён абвесціць новы пакет тарыфаў у адказ, піша Reuters.