СМІ: Брытанскія спецназаўцы залучылі ЦРУ ў эпіцэнтр вайны ва Украіне
- 31.03.2025, 15:32
- 7,506

Дэталі сакрэтнай аперацыі.
Брытанскія спецназаўцы і ЦРУ з першых месяцаў вайны таемна дапамагалі Украіне ў стратэгічным планаванні ўдараў па расейскіх цэлях. Узровень іх супрацоўніцтва з украінскім камандаваннем быў значна вышэйшы, чым меркавалася раней.
Пра гэта расказвае 24 Канал са спасылкай на The Telegraph. Аналізуючы звесткі маштабнага расследавання The New York Times, выданне адзначае, што брытанскія вайскоўцы не толькі давалі выведвальныя звесткі і ўзбраенне, але і непасрэдна дапамагалі ўкраінскаму камандаванню планаваць удары па ключавых расейскіх цэлях.
Як Брытанія і ЗША каардынавалі аперацыі
Яшчэ ў першыя месяцы поўнамаштабнага ўварвання на базе Clay Kaserne у Нямеччыне стварылі сакрэтны цэнтр кіравання, дзе працавалі ўкраінскія генералы, амерыканскія афіцэры і брытанскія вайскоўцы спецыяльнага прызначэння. Менавіта там распрацоўвалі стратэгію вайсковых дзеянняў, планавалі ўдары і кантралявалі лагістыку паставак зброі.
Вялікабрытанія размясціла ва Украіне сваіх афіцэраў, што дало ёй магчымасць уплываць на прыняцце пастаноў. Са звестак журналістаў, тагачасны міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес нават спрабаваў дамагчыся звальнення ўкраінскага генерал-маёра Андрэя Кавальчука праз ягоныя ваганні наконт наступу на Херсоншчыне.
Нягледзячы на афіцыйны вывад амерыканскіх вайскоўцаў з Украіны, невялікай групе агентаў ЦРУ дазволілі застацца. Яны каардынавалі абмен выведвальнымі звесткамі, што дазволіла наносіць кропкавыя ўдары па расейскіх мэтах. Спачатку гэта былі акупаваныя тэрыторыі, а пасля - аб'екты на тэрыторыі самой Расеі.
Калі ў пачатку ўварвання падтрымка Украіны абмяжоўвалася пастаўкамі зброі, то да 2024 года амерыканскія і брытанскія вайскоўцы кантралявалі амаль кожны ўдар па Крыме, ад выбару цэлі да разліку траекторыі палёту ракет.