2 красавiка 2025, Серада, 22:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

El Pais: Еўракамісія рыхтуе гандлёвыя меры ў адказ супраць ЗША

4
El Pais: Еўракамісія рыхтуе гандлёвыя меры ў адказ супраць ЗША

ЕЗ можа ўпершыню выкарыстаць інструмент "процідзеяння прымусу".

Еўрапейская камісія разглядае закрыццё еўрапейскага рынку для амерыканскіх тавараў і паслуг у адказ на тарыфы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, якія ён паабяцаў увесці 2 красавіка. Пра гэта піша гішпанская газета El País.

Паводле інфармацыі крыніц газеты, у дадатак да мыт на амерыканскую прадукцыю Еўракамісія разглядае магчымасць выкарыстання спецыяльнага інструмента "процідзеяння прымусу" для абароны ад эканамічнага ціску.

Гэты інструмент дазваляе закрыць еўрапейскі рынак для асобных амерыканскіх тавараў і паслуг, а таксама абмежаваць удзел кампаній з ЗША ў тэндарах і праектах, якія фінансуюцца з бюджэту ЕЗ.

"У еўрапейскім арсенале мер у адказ няма чырвоных ліній", – паведаміла крыніца газеты ў ЕЗ.

У той жа час, поўнае закрыццё еўрапейскага рынку для амерыканскіх тавараў і паслуг прадугледжвае пэўныя абмежаванні і можа паўплываць на краіны ЕЗ, таму еўрапейскія чыноўнікі таксама абмяркоўваюць меры супраць сферы паслуг (лічбавых, фінансавых, інтэлектуальных і да т.п.), у якой няма тарыфаў і ЗША маюць перавагу.

Газета адзначае, што раней блок не выкарыстоўваў інструмент "процідзеяння прымусу". Гэты прававы інструмент быў ухвалены нядаўна.

Крыніцы газеты зазначаюць, што на пасяджэннях Рады ЕЗ у пытаннях гандлю гэты варыянт не абмяркоўваўся, але ён "ёсць на стале" і яго падтрымліваюць моцныя прыхільнікі ў выканаўчай уладзе ЕЗ, якія сцвярджаюць, што інструмент можа быць "мадуляваны" ў залежнасці ад мер ЗША.

У той жа час сярод некаторых еўрапейскіх чыноўнікаў існуе вялікі недавер да таго, што Ез можа выйсці за межы сіметрычнага адказу ЗША ў выглядзе тарыфаў.

Страх перад буйной гандлёвай вайной і яе наступствамі прывёў да таго, што некаторыя краіны, такія як Францыя, Італія і Ірландыя, звярнуліся ў Еўракамісію з просьбай правільна "разгуляць свае карты" і старанна перагледзець каталог амерыканскіх тавараў, якія падлягаюць падаткаабкладанню.

Газета зазначае, што з-за гэтых спрэчак Еўракамісія адклала ўвядзенне першых мер у адказ на мыты ЗША на сталь і алюміній, якія павінны ўступіць у дзеянне на гэтым тыдні.

Еўрапейскі Звяз рыхтуе спісы амерыканскіх тавараў, якія могуць патрапіць пад новыя мыты, і аналізуе магчымыя эканамічныя наступствы. 7 красавіка міністры гандлю краін ЕЗ сустрэнуцца ў Люксембургу, каб узгадніць далейшыя крокі ў адказ на палітыку Трампа.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках