У Менску не засталося месца для новабудоўляў
12- 31.03.2025, 20:20
- 6,530

Людзям прапануюць набыць жыллё ў Смалявічах і Рудзенску.
У Менску распрацаваны генплан забудовы да 2030-га. Паводле яго кожны год павінны ўзводзіць 600 тысячаў квадратных метраў жылля. Раней гэты паказнік быў большы, адзначыла старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Менгарвыканкама Ірына Гантарава, піша часопіс «Эканоміка Беларусі».
Яна дадала, што ў сталіцы ўжо няма свабодных пляцовак. Цяпер асноўная забудова вядзецца на рэканструяваных тэрыторыях, дзе будуць зносіць прыватны сектар, састарэлыя збудаванні.
Жыллё ўзводзяць камунальныя прадпрыемствы. І прызначана яно ў асноўным для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.
«У першую чаргу прыбіраецца трухлявае жыллё. Але і тут мы абмежаваныя наяўнасцю памяшканняў, у якія павінныя перасяліць людзей. Калі раней быў задзел – база з 300–350 кватэраў, і іх пры неабходнасці вылучалі людзям пры зносе трухлявага жылля, то цяпер вымушаныя спецыяльна ствараць так званы падменны фонд на раней вызваленых пляцоўках», – пракаментавала Ірына Гантарова.
Пад рэканструкцыю могуць патрапіць прыватныя сектары ў Лошыцы, на пр. Дзяржынскага, вул. Арлоўскай, Маякоўскага.
Камерцыйным кампаніям з аўкцыёну пляцоўкі пад забудову больш не прадаюць. Яны заканчваюць праекты, якія пачалі 5–10 гадоў таму.
«Камерцыйныя заказчыкі рэалізуюць два буйныя інвестпраекты. Комплекс “Менск Свет”, дзе жыллёвае будаўніцтва практычна закончанае. У пачатку наступнага года там застануцца шматфункцыянальная і адміністрацыйная забудова, офісныя цэнтры. І комплекс “Паўночны бераг”. Ён толькі пачаты, прымеркаваны на 5 млн м2, але ў перспектыве да 2040 года», – удакладніла Ірына Гантарава.
Каб спыніць «дыспрапорцыю развіцця тэрыторый і ператок насельніцтва», актывізуюць забудову ў рэгіёнах.
Таксама ўзводзяць жыллё ў гарадах-спадарожніках сталіцы. У Смалявічах будуюць тры шматпавярховыя дамы. За год там уводзяць у эксплуатацыю 20–25 тыс. м2. Праз некалькі гадоў, магчыма, пачнуць ствараць інжынерную інфраструктуру ў Рудзенску.