ЕЗ і краіны G5+ дамовіліся ўзмацніць санкцыі супраць РФ
1- 31.03.2025, 20:33
- 6,922

Міністры замежных справаў галоўных еўрапейскіх хаўруснікаў Украіны таксама павялічаць дапамогу Кіеву.
Краіны групы G5+ павялічаць дапамогу Украіне. У той самы час яны разглядаюць магчымасць увядзення новых санкцый супраць Расеі, каб прымусіць яе пагадзіцца на спыненне агню.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Міністры замежных справаў галоўных еўрапейскіх хаўруснікаў Украіны ў панядзелак, 31 сакавіка, выступілі з супольнай заявай пасля сустрэчы так званай групы G5+ ці Weimar+ у Мадрыдзе.
Галоўныя дыпламаты Гішпаніі, Нямеччыны, Францыі, Італіі, Вялікай Брытаніі і Польшчы, а таксама высокая прадстаўніца ЕЗ у замежных справах Кая Калас заклікалі Расею пагадзіцца на «неадкладнае і безумоўнае спыненне агню на роўных умовах з поўным выкананнем».
Яны заявілі, што гатовыя ўзмацніць ціск на Маскву, сярод іншага ўжыць новыя санкцыі, каб забяспечыць для Кіева «найлепшыя магчымыя ўмовы для дасягнення справядлівага і трывалага міру».
«Мы гатовыя выканаць галоўную ролю ў гэтым пытанні», – падкрэслілі міністры ў сваёй заяве.
Краіны таксама паабяцалі павялічыць ваенную, палітычную і гуманітарную падтрымку Украіны, не расказваючы пры гэтым канкрэтных дэталяў.
Таксама ў заяве гаворыцца, што любое мірнае пагадненне павінна суправаджацца надзейнымі гарантыямі бяспекі для Украіны. А хаўруснікі не прымуць ніякіх дамоўленасцяў, якія абмяжоўвалі б абаронную прамысловасць Украіны або ваенную прысутнасць партнёраў на яе тэрыторыі.
Міністры краінаў G5+ заявілі, што яны адданыя забеспячэнню поўнай адказнасці РФ за ваенныя злачынствы, а таксама працуюць над стварэннем спецыяльнага суда ў рамках Рады Еўропы.
У заяве таксама пазначана, што замарожаныя расейскія актывы павінны заставацца заблакаванымі, пакуль Масква не спыніць вайну і не кампенсуе Украіне нанесеную шкоду. Гішпанія заклікае хаўруснікаў выкарыстоўваць гэтыя актывы як альтэрнатыўная крыніцы фінансавання дапамогі Украіне.