Беларуская служба «Радыё Свабода» часткова згортвае дзейнасць
1- 31.03.2025, 21:27
- 3,622

Усе журналісты пражскай рэдакцыі ідуць у адпачынак.
Беларуская служба «Радыё Свабода» папярэдзіла чытачоў пра значнае скарачэнне як каманды рэдакцыі, так і рэгулярных праграмаў.
Праз памяншэнне фінансавання на паўзу становяцца праекты выдання «ПіК Свабоды», «Тлумачым з Гурневічам», «Гісторыя на Свабодзе» і «Куды коціцца свет».
Рэдакцыя адзначыла, што гэта было зроблена, таму што Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода «чакае афіцыйнага пацверджання ад USAGM пра аднаўленне грантавага фінансавання». Адпаведна кампанія не мае дастатковай колькасці сродкаў для паўнавартаснай працы.
Частка каманды «Радыё Свабода» з той самай прычыны знаходзіцца ў адпачынку. Адна з журналістак партала Ганна Соўсь паведаміла ў Facebook, што ўсе журналісты пражскай рэдакцыі сыходзяць у вымушаны адпачынак.
«У найбліжэйшы час публікацый на нашых платформах стане значна менш», – папярэдзілі журналісты.
15 сакавіка Агенцтва глабальных медыя ЗША (USAGM) заявіла пра спыненне гранту для Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода (РСЕ/РС). Указ заклікаў да скарачэння сямі федэральных агенцтваў – у тым ліку USAGM – да «максімальнай ступені, якая адпавядае дзейнаму заканадаўству».
18 сакавіка РСЕ/РС падала пазоў у суд на Агенцтва ЗША датычна глабальных медыя, а таксама на службовых асобаў арганізацыі Кэры Лэйк і Віктара Маралеса, каб заблакаваць іх спробы спыніць дзеянне зацверджанага Кангрэсам ЗША гранту, вылучанага на працу арганізацыі.
26 сакавіка USAGM напісала Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода, што скасоўвае сваю заяву аб спыненні гранту ад Кангрэса, выпушчаную 15 сакавіка, але падкрэсліла, што пакідае за сабой права спыніць вылучэнне гэтага гранту ў будучыні.