«Стварае прастору для карупцыі»
1- 4.03.2025, 18:34
- 1,982

На сайце Мінадукацыі запрацаваў папярэдні запіс на апастыль, але яго ўжо крытыкуюць.
На сайце Міністэрства адукацыі запрацаваў электронны папярэдні запіс на прастаўленне апастылю. Аднак пакуль новая працэдура выклікае больш пытанняў, чым адказаў: мяркуючы з усяго, за лета падаць дакументы паспеюць толькі тры з невялікім сотні чалавек, піша тэлеграм-канал «Настаўніцкая».
Раней Міністэрства адукацыі анансавала электронную сістэму запісу для падачы дакументаў на прастаўленне апастылю і папярэдняе засведчанне для консульскай легалізацыі. Новая сістэма запрацавала на афіцыйным сайце ўстановы з 3 сакавіка.
Пры запаўненні формы трэба ўказаць:
– від паслугі (апастыляванне або папярэдняе засведчанне);
– ПІБ уладальніка дакумента;
– від пададзенага дакумента і ягоны нумар;
– выбраць дату і час для падачы дакументаў.
Важны нюанс: праз электронны запіс прымаюцца дакументы толькі ад уладальніка дакумента і толькі тыя, якія пазначаныя ў форме папярэдняга запісу. Неадпаведнасць нумара дакумента, указанага ў форме папярэдняга запісу, нумара дакумента, які падаецца для прастаўлення апастылю, вынікуе адмову ў прыёме дакументаў.
Да 31 сакавіка ўключна даступная і ранейшая сістэма запісу непасрэдна ў Дэпартаменце кантролю якасці адукацыі. Графік працы можна ўдакладніць праз спасылку.
Тэлеграм-канал «Настаўніцкая» звярнуў увагу, што цяперашняя рэалізацыя працэдуры электроннага запісу выклікае шэраг пытанняў.
Так, на гэты момант сістэма адводзіць для аднаго чалавека 30 хвілінаў на падачу дакументаў. Такім чынам, з улікам цяперашняга графіка працы дэпартамента падаць дакументы змогуць максімум 4-5 кліентаў за дзень. Акрамя таго, запісацца на падачу можна толькі ведаючы нумар дакумента, што пазбаўляе сёлетніх выпускнікоў магчымасці зрабіць гэта загадзя.
«Калі графік працы дэпартамента застанецца такім самым, як цяпер, то за ўвесь летні перыяд падаць дакументы змогуць толькі блізу 310 чалавек, і тут размова ідзе пра ўсё (атэстаты, сведчанні, дыпломы і іншае)», – адзначаюць аўтары.
На іхнюю думку, такія ўмовы ствараюць прастору для карупцыі (даведацца нумар свайго дакумента загадзя за ўзнагароджанне або правесці маніпуляцыі з «талончыкам»). Аднак ёсць надзея, што ў сістэму ўнясуць пэўныя праўкі і ў Мінадукацыі атрымаецца ўнікнуць праблемаў.