У Мексіцы анансавалі мыты на амерыканскія тавары
6- 4.03.2025, 18:37
- 7,590

У адказ на пастанову Трампа.
Прэзідэнтка Мексікі Клаўдыя Шэйнбаўм заявіла, што ейная краіна адкажа на 25% мыты, уведзеныя Злучанымі Штатамі, і ўвядзе тарыфы ў адказ на амерыканскія тавары.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на AP, якая прыводзіць заяву Шэйнбаўм.
Прэзідэнтка паведаміла, што абвесціць пералік тавараў ЗША, якія падпадуць пад гэтыя тарыфы, у нядзелю падчас публічнага мерапрыемства на цэнтральнай плошчы Мехіка.
Паводле звестак АР, гэта можа сведчыць, што Мексіка ўсё яшчэ спадзяецца на дээскалацыю гандлёвай вайны, якую пачаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
Каментуючы 25-адсоткавыя мыты ЗША, прэзідэнтка Мексікі падкрэсліла, што няма ніякіх падставаў або апраўданняў «для пакарання адных з найбуйнейшых гандлёвых партнёраў ЗША».
«Няма ніводнага матыву, прычыны або абгрунтавання, што магло б падтрымаць гэтую пастанову, якая негатыўна паўплывае на нашых людзей і нашы краіны», – падкрэсліла Шэйнбаўм.
Дадамо, што Мексіка яшчэ ў студзені заяўляла, што мае гатовы план на выпадак вядзення новых мытаў ЗША. Аднак, у адрозненне ад Кітая і Канады, пастанавіла пачакаць да нядзелі з афіцыйнай аб'явай уласных тарыфаў у дачыненні да тавараў ЗША.