У Нідэрландах знойдзеная карціна Брэйгеля, выкрадзеная з музея ў Польшчы
2- 4.03.2025, 21:12
- 3,144

Апошнія 40 гадоў яна была ў прыватнага калекцыянера.
Карціна «Жанчына, якая нясе вуголле», што знікла з Нацыянальнага музея ў Гданьску, знойдзеная ў Нідэрландах. Яе адсутнасць была выяўленая ў 1974 годзе. Праца фламандска-галандскага майстра Пітэра Брэйгеля-малодшага ўважалася за беззваротна страчаную.
Карціну знайшлі журналісты галандскага мастацкага часопіса Vind, якія заўважылі яе на выставе ў Нідэрландах летась. Яна была перададзеная музею Гаўды з прыватнай калекцыі і рэкламавалася як «карціна, якую не бачылі цягам апошніх 40 гадоў».
У канчатковым выніку галандская паліцыя здолела забраць карціну, якая цяпер захоўваецца ў галандскім музеі. «Мы на 100% упэўненыя, што гэта тая самая карціна, якая знікла з Нацыянальнага музея ў Гданьску ў 1974 годзе», – заявіў Рычард Брансвейк з аддзела барацьбы са злачынствамі ў сферы мастацтва.
На карціне намаляваная сялянка, якая трымае ў адной руцэ абцугі з вуглямі, а ў другой – кацёл з вадой. Карціна з'яўляецца алегарычнай адсылкай да старой галандскай прыказкі: «Ніколі не давярай чалавеку, які нясе ў адной руцэ ваду, а ў другой – агонь», што перасцерагае ад крывадушнасці.
Дакладны кошт карціны невядомы, але працы Брэйгеля Малодшага ацэньваюцца на мільёны даляраў. Галандская паліцыя расследуе, як карціна трапіла ў прыватную калекцыю ў Нідэрландах. Польскія ўлады праінфармаваныя пра знаходку і маюць намер шукаць юрыдычныя шляхі для вяртання працы.
Крадзеж выявіўся 24 красавіка 1974 года, калі супрацоўнік Гданьскага музея выпадкова збіў карціну са сцяны. Замест арыгінальнай працы фламандскага майстра з рамы выпала яе рэпрадукцыя. Расследаванне справы было хутка спыненае. Неафіцыйна хадзілі чуткі, што да крадзяжу і вывазу карціны маглі мець дачыненне камуністычныя