Зяленскі: Цяпер не 2022 год, цяпер наша ўстойлівасць вышэйшая
11- 4.03.2025, 21:50
- 9,574

Прэзідэнт Украіны расказаў, што будзе з дапамогай ад ЗША.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна імкнецца атрымаць афіцыйную інфармацыю пра будучую падтрымку з боку ЗША. Даведацца пра гэта было даручана міністру абароны Украіны Рустэму Умераву.
Пра гэта ён расказаў падчас вечаровага звароту.
Паводле словаў Зяленскага, людзі не павінны здагадвацца пра сітуацыю, а краіны заслугоўваюць паважлівага дыялогу. Ён даручыў міністру абароны, кіраўнікам выведкі і дыпламатам звязацца з амерыканскімі калегамі, каб высветліць далейшыя планы Вашынгтона.
Зяленскі прызнаў, што Украіна неаднаразова сутыкалася з часовымі прыпыненнямі дапамогі, сярод іншага гуманітарнай, энэргетычнай і ваеннай. Ён нагадаў, што ў пачатку года ваенную падтрымку ўжо прыпынялі, але тады яе атрымалася хутка аднавіць. У той самы час, паводле ягоных словаў, сітуацыя адрозніваецца ад 2022 года, бо цяпер Украіна мае больш высокі ўзровень устойлівасці і сродкі абароны.
«Украіна заўсёды будзе ўдзячная Амерыцы за ўсю тую падтрымку, якая вылучалася і перадаецца і якая працуе на захаванне сёння ўжо даволі крохкіх асноваў бяспекі ў Еўропе. Гэта ж не проста пра нашу краіну. Гэта пра ўсіх у Еўропе. Мы імкнемся да канструктыўнага супрацоўніцтва. Партнёрскіх стасункаў», – сказаў Зяленскі.
Ён выказаў шкадаванне наконт падзей у Белым доме, якія замянілі запланаваныя перамовы, але заклікаў шукаць магчымасці для далейшага ўзаемадзеяння.
«Мы заўсёды паважаем Амерыку, Еўропу, усіх партнёраў і разам робім усё, каб наблізіць мір», – падсумаваў Зяленскі.