Трамп стэлефанаваўся з Трудо пасля ўвядзення мытаў
8- 5.03.2025, 21:49
- 12,172

У офісе канадскага прэм'ера назвалі гутарку «канструктыўнай».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо правялі 50-хвілінную тэлефонную размову на наступны дзень пасля ўвядзення імпартных мытаў краінаў. У офісе канадскага прэм'ера назвалі гутарку «канструктыўнай». Перад перамовамі, паведамляў тэлеканал са спасылкай на крыніцы, бакі ўзгаднялі дэталі «гандлёвага кампрамісу».
Амерыканскі прэзідэнт заявіў, што перамовы прайшлі «ў некаторай ступені прыязна». «Я сказаў яму, што многія людзі памерлі ад фентанілу, які патрапіў праз межы Канады і Мексікі, і нішто не пераканала мяне ў тым, што гэта спынілася. Ён сказаў, што стала лепш, але я сказаў: "Гэтага недастаткова"», – напісаў Дональд Трамп у Truth Social.
4 сакавіка пачалі дзеянне мыты памерам 25% на імпарт у ЗША канадскіх тавараў. У адказ Атава абвясціла пра аналагічныя тарыфы на амерыканскія тавары. Тады Дональд Трамп паабяцаў падвоіць мыты на прадукцыю з Канады, а Джасцін Трудо абвінаваціў амерыканскага прэзідэнта ў пачатку гандлёвай вайны.
Пазней міністр гандлю ЗША Говард Латнік дапусціў дамоўленасць з Канадай у пытанні мытаў. Сярод іншага, магчымае змякчэнне гэтага захаду (напрыклад, на прадукцыю аўтапраму). Паводле звестак CNN, сярод іншага Канадзе неабходна ўзмацніць бяспеку межаў. Дональд Трамп тлумачыў увядзенне мытаў у тым ліку барацьбой з пастаўкамі фентанілу.