Гараж у Берасці прадалі за рэкордныя 611 тысячаў рублёў
- 6.03.2025, 20:18
- 4,932

Цяпер яго зноў выставілі на гандаль.
Гараж у Берасці, які летась двойчы прадавалі з аўкцыёну за рэкордныя грошы, ізноў выставілі на гандаль, піша Wikidom.by.
Лот – аднапавярховы будынак з цэглы 1976 года, плошчай 60,7 «квадратаў». Размяшчаецца ў самым цэнтры Берасця, на адрасе: вуліца Савецкая, 46Б, і ўяўляе з сябе вялікую арт-прастору з барам для адпачынку.

На першым гандлі, які прайшоў у жніўні 2024 года, за лот змагаліся адразу дзесяць прэтэндэнтаў: сярод іх юрыдычныя і фізічныя асобы, а таксама індывідуальны прадпрымальнік, аднак гандаль быў нядоўгім. Літаральна за паўгадзіны кошт пабудовы ў цэнтры Берасця ўзляцеў з 37500 рублёў да 516800 рублёў ці 165 тысячаў даляраў паводле курсу. У той раз самы дарагі гараж у краіне дастаўся кампаніі, якая займаецца вытворчасцю палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.

Што адбылося пасля заканчэння гандлю – невядома. Аднак у снежні 2024 года гараж зноў выставілі на гандаль. У той раз лот прадалі за 610813 рублёў. На гэтым гісторыя не заканчваецца – будынак разам з правам арэнды зямельнага надзелу (0,0081 га на 50 гадоў) выставілі на паўторны электронны гандаль, які адбудзецца 21 сакавіка.
«Пачатковы кошт застаўся ранейшы – 37588,53 рубля. Пры гэтым памер задатку складае 7000 рублёў і першы крок гандлю 1879,43 рубля», – піша WIkidom.by.