Папа Рымскі ўпершыню за тры тыдні шпіталізацыі звярнуўся да вернікаў
5- 7.03.2025, 10:54
- 1,520

Пантыфік гаварыў з пілігрымамі стомленым і перарывістым голасам.
Папа Рымскі Францішак упершыню за час шпіталізацыі звярнуўся да пілігрымаў, якія штодзень збіраюцца на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. У аўдыёпаведамленні са шпіталя ён падзякаваў ім за малітвы, паведамляе Vatican News.
Папа звярнуўся да пілігрымаў стомленым і перарывістым голасам, гаворыцца ў паведамленні.
«Ад усяго сэрца дзякую вам за малітвы, якія вы ўзносіце за маё здароўе з плошчы, я суправаджаю вас адсюль. Няхай Гасподзь вас дабраславіць, а Багародзіца вас захоўвае. Дзякуй», - сказаў Францішак у першым звароце за тры тыдні.
Папа Рымскі Францішак з лякарні заклікаў свецкіх маліцца за «змучаную вайной» Украіну
Пачынаючы з 24 лютага, кожны вечар а 21:00 паводле мясцовага часу на плошчы Святога Пятра гучыць малітва за здароўе Папы Рымскага. На яе збіраюцца кардыналы, якія пражываюць у Рыме, а таксама кіраўнікі і працаўнікі ватыканскіх інстытутаў і Рымскай дэяцэзіі. Таксама прысутнічаюць пілігрымы.
Пасля аўдыёпаведамлення Папы штодзённую малітву за здароўе Святога Айца Францішка правёў кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ, прапрэфект Дыкастэрыі ў справах інстытутаў богапасвячонага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця.