12 сакавiка 2025, Серада, 4:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы адмаўляюцца ад Егіпта

8
Беларусы адмаўляюцца ад Егіпта

І ўсё часцей ездзяць у Катар.

У параўнанні з дакрызісным 2019 годам беларусы падарожнічаюць усё яшчэ менш. Асабліва моцна ўпаў еўрапейскі кірунак, але не толькі ён - грамадзяне пераарыентаваліся з традыцыйных месцаў адпачынку на экзотыку, піша «Белорусы и рынок».

У 2024 годзе ў параўнанні з папярэднім беларусы сталі часцей ездзіць за мяжу - у арганізаваныя туры выехала 618 тысяч нашых суграмадзян, паведамляе Белстат.

Аднак калі мы параўнаем лічбы з 2019 годам - апошнім перыядам палітычнай і эпідэміялагічнай стабільнасці - то ўбачым, што падзенне у турыстычнай галіне дагэтуль не адноўленае. Тады за мяжу праз турагенцтвы з'ездзіла 983 тысяч беларусаў, гэта значыць у паўтара раза больш, чым зараз.

Даследуючы краіны, у якія часцей ездзяць беларусы, мы ўбачым, што некаторыя кірункі пасля падзення ў 2020-м так і засталіся забытымі, а іншыя, наадварот, толькі зараз пачынаюць адкрывацца для нашых суграмадзян.

Відавочна, жыхары Беларусі сталі менш ездзіць у Еўразвяз – турыстычная плынь туды ўсё яшчэ ў чатыры разы меншая, чым была да крызісу. Хоць з кожным годам жалезную заслону ўдаецца прабіваць усё большай колькасці нашых суайчыннікаў - за мінулы год прырост склаў 14,7 тысяч чалавек.

За шэсць гадоў радыкальна ўпалі паездкі ў Балгарыю (у дзясяткі разоў), Гішпанію (у пяць разоў) і Грэцыю (у 2,7 раза).

Таксама беларусы амаль перасталі ездзіць да ўсіх суседзяў (акрамя Расеі). У Польшчу плынь працягвае скарачацца з года ў год: калі ў 2019 годзе туды паехала 28,4 тыс. арганізаваных турыстаў, у 2023-м - 8,4 тыс., то летась жа толькі 7,95 тысяч. Тое ж з Літвой: даўнія 18,3 тысячы ператварыліся ў 382 чалавекі. Цікава, што пры гэтым у Латвію беларуская турыстычная плынь аднаўляецца - за год яна падскочыла ў пяць разоў да 1,4 тысяч турыстаў, хоць да паказчыкаў 2019 года (5,7 тыс.) усё яшчэ далёка.

Таксама ў новай рэальнасці паездкі ў Італію сталі пераважаць над Гішпаніяй: 20,1 тысяч супраць 6,4 тысяч летась, тады як шэсць гадоў таму прапорцыя была адваротная: 15,5 тысяч да 33,6 тысяч на карысць Гішпаніі.

Акрамя Італіі, вырас да 2019 года яшчэ адзін еўрапейскі кірунак - Францыя. Летась туды дабралася амаль 7 тысяч беларускіх турыстаў, гэта на 326 чалавека больш, чым шэсць гадоў таму.

Заменай сталі постсавецкія краіны

Арыентацыя на Расею адбылася не толькі ў беларускай эканоміцы, але і ў адпачынку - у 2024 годзе туры туды купілі 142,4 тысяч беларускіх грамадзян, што складае 23% ад усіх падарожжаў беларусаў. Гэта колькасць на 30% большая, чым была годам раней і ў два разы большая, чым у 2019 годзе.

Шалёны рост таксама паказала Грузія: калі шэсць гадоў таму туды арганізавана з'ездзіла 17,3 тысяч беларусаў, то ў 2024 - ужо 40 тысяч.

Таксама нашы суграмадзяне зацікавіліся Азейрбайджанам - за шэсць гадоў рост у тры разы (да 1,5 тысячы).

Варта згадаць, што Украіна знікла як напрамак беларускага турызму, хаця шэсць гадоў таму ён быў вядучым (147 тысяч арганізаваных турыстаў з Беларусі, што перавышала паездкі ў Расею).

Пацягнула на экзотыку

Нечакана разам з непрыязнымі краінамі беларусы значна скарацілі паездкі ў Егіпет - туды адправіліся ўсяго 97,6 тысяч турыстаў, тады як шэсць гадоў таму плынь даходзіла да 259 тысяч, што азначае падзенне ў 2,5 разы. Кірунак хаця і аднаўляўся летась, аднак даволі млява.

Арабскія Эміраты, наадварот, сталі больш цікавіць беларусаў: паездкі туды выраслі з 8,3 тысяч турыстаў у 2019 годзе да цяперашніх 65,9 тысяч.

Струмень у Турцыю моцна не змяніўся за мінулыя гады, захоўваючыся на ўзроўні амаль 150 тысяч чалавек.

Галоўны трэнд новай турыстычнай рэальнасці - гэта бурнае развіццё экзатычных кірункаў. Самым яскравым прыкладам тут з'яўляецца Катар. Шэсць гадоў таму туды амаль не ездзілі, зараз жа колькасць турыстаў-беларусаў дасягае 5,6 тысяч за год. На Шры-Ланку накіравалася 5,9 тысяч беларусаў (у 3,6 раза больш, чым у 2019-м).

У два-тры разы выраслі Мальдывы, Інданезія і Кітай, крыху павольней, але ўсё ж прырастае Тайланд. В'етнам і Індыя з нейкай прычыны гэтым трэндам не закранутыя, скарацілі турыстычную плынь з Беларусі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках