У бітве наймацнейшых гандбольных клубаў Беларусі перамог «Мяшкоў Брэст»
- 7.03.2025, 21:31
- 2,426

СКА закончыў барацьбу за трафей СЕХА-лігі.
Чэмпіёны Беларусі з Берасця нанеслі чарговую паразу спаборніку са сталіцы, дзякуючы чаму ступілі ў паўфінал турніру, дзе адстойваюць тытул, паведамляе smartpress.by.
У 2023 годзе «Мяшкоў Брэст» і СКА сышліся ў фінале – і мацнейшымі былі мяшкоўцы. Праз год лёс звёў іх у паўфінале – берасцейцы пацвердзілі клас. І вось у 2025 годзе камусьці з топавых клубаў краіны належала сысці з дыстанцыі ўжо на старце плэй-оф. Гэтым няўдачнікам ізноў стаў СКА.
На мінулым тыдні «Мяшкоў Брэст» ва ўпартым супрацьстаянні быў мацнейшым за «армейцаў» у родных сценах спарткомплексу «Вікторыя» – 29:27. Такім чынам, дома сталічнаму клубу патрабавалася адгуляць адставанне два мячы. І гэта было цалкам рэальна, паколькі ходам другога тайму СКА вёў у ліку, няхай і з мінімальнай галявой розніцай.
Тым не менш канцоўка засталася за гасцямі – 27:25. «Мяшкоў Брэст» прадоўжыць змагацца за тытул, які даставаўся камандзе ў двух папярэдніх сезонах. СКА ж закончыў барацьбу на знешняй арэне нязвыкла рана – ужо ў пачатку сакавіка.