Прыбытак найбуйнейшага аператара «ценевага» флоту Расеі ўпаў удвая
3- 7.03.2025, 21:38
- 2,802

Праз санкцыі.
Найбуйнейшы ў Расеі карабельны аператар «Совкомфлот», які валодае дзясяткамі танкераў «ценевага» нафтавага флоту, у 2024 годзе сутыкнуўся з рэзкім пагаршэннем фінансавых вынікаў, паведамляе The Moscow Time.
Чысты прыбытак кампаніі, якая да вайны валодала самым буйным у свеце флотам танкераў класу Aframax, а таксама 10 ледаколамі, скараціўся больш чым удвая – з $943,3 млн да $ 424,4, вынікае са справаздачнасці «Совкомфлота», апублікаванай у пятніцу.
Прыбытак кампаніі эксплуатацыі караблёў знізіўся на 33%, да $1,12 млрд, і на столькі ж асеў паказнік EBITDA – $1,052 млрд супраць $1,535 млрд год таму.
«Совкомфлот» яшчэ ў 2022 годзе быў уключаны ў санкцыйныя спісы ЗША, Еўразвязу і Брытаніі, а летась пад санкцыі патрапілі дзясяткі ягоных танкераў, якія вазілі нафту ў абыход заходніх абмежаванняў. У студзені «развітальныя» захады адміністрацыі Джо Байдэна закранулі 69 караблёў «Совкомфлоту», у тым ліку 54 танкеры для нафты і нафтапрадуктаў і чатыры газавозы. А ў лютым пад еўрапейскія санкцыі патрапілі «дачка» «Совкомфлоту» ТАА «СКФ Арктыка» і 74 танкеры, звязаныя з «ценевым» флотам Расеі.
Узмацненне жорсткасці санкцый можа ўдарыць па фінансавых паказніках, папярэджвае «Совкомфлот» у справаздачы: «У выніку санкцыйных абмежаванняў кампанія дапускае скарачэнне плацяжоў да атрымання паводле некаторых дамоваў тайм-чартару, заключанага на справаздачную дату».
На стан лютага агульная колькасць унесеных у «чорныя спісы» расейскіх танкераў перавысіла 270. Пад санкцыі, паводле звестак S&P Global, трапілі караблі, якія вазілі палову марскога экспарту нафты з Расеі, або 1,5 млн бараляў за дзень – блізу 1 млн у Кітай і блізу 500 тысячаў – у Кітай.