ЕЗ стварае спецыяльны трыбунал што да расейскай агрэсіі
12- 9.03.2025, 11:15
- 5,106

Да расследавання прыцягнутыя таксама польскія пракуроры.
За тры гады вайны Расея ўчыніла незлічонае мноства ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці ва Украіне. Міністр юстыцыі Польшчы Адам Баднар у інтэрв'ю брусэльскай карэспандэнтцы «Польскага радыё» Беаце Пламецкай заявіў, што набліжаецца стварэнне трыбунала што да расейскай агрэсіі.
Апошнімі днямі і тыднямі ў гэтым пытанні прайшлі сустрэчы прадстаўнікоў краін Рады Еўропы. У структурах гэтай арганізацыі павінен функцыянаваць спецыяльны трыбунал.
Улічваючы ціск прэзідэнта ЗША, які патрабуе найхутчэйшага падпісання пагаднення аб спыненні вайны на ўсякіх умовах, ёсць меркаванне, што такі трыбунал умацуе пазіцыі Украіны на перамовах.
«Таму ў цяперашняй сітуацыі вельмі важна рухацца ў гэтым кірунку», - падкрэсліў міністр юстыцыі. Адам Баднар паведаміў, што расследаванне гэтай справы вядзецца з 2022 года, і довады агрэсіўных дзеянняў Расеі збіраюцца, у тым ліку, польскімі пракурорамі.
«У Польшчы ёсць добрыя дасягненні. На гэты момант дапытана тры тысячы сведкаў. Большая частка гэтых сведкавых паказанняў была перададзеная ў Еўраюст», - дадаў міністр Баднар.
Еўраюст - арганізацыя ЕС, якая займаецца судовым супрацоўніцтвам па крымінальных справах паміж дзяржавамі-членамі. Яго эксперты ўваходзяць у склад Міжнароднага цэнтра па расследаванні злачынстваў агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Цэнтр з'яўляецца першым крокам на шляху да прыцягнення вінаватых да адказнасці; наступным крокам стане стварэнне спецыяльнага трыбунала. Фактычна, у Гаазе існуе Міжнародны крымінальны суд, які мае паўнамоцтвы судзіць аб злачынствах супраць чалавечнасці і генацыдзе, але не мае юрысдыкцыі пераследаваць за злачынствы агрэсіі.