Бяздомнай жыхарцы Гомеля, якая дапамагла блогеру выйграць BMW M4, набылі кватэру
16- 9.03.2025, 11:33
- 12,842

На грошы, атрыманыя з продажу выйгранага аўто.
Бяздомная гамяльчанка Вікторыя, якая ў лістападзе мінулага года дапамагла мясцоваму блогеру Rubakha Go выйграць у конкурсе расейскага стрымера Некаглая аўтамабіль BMW M4, абзавялася ўласным жыллём. Мяркуючы па ўсім, кватэру набылі на грошы, атрыманыя з продажу выйгранага аўто. На куплю звярнулі ўвагу «Сильные новости».
Відэаролік з блогерам Анатолем (Rubakha Go) і Вікторыяй з'явіўся ў акаўнце аднаго з агенцтваў нерухомасці. У ім прадстаўніца агенцтва перадае жанчыне, якая раней жыла ў знаёмых, ключы і пакет з дакументамі. Што гэта за кватэра і колькі яна каштавала, не гаворыцца.

Анатоль выйграў у конкурсе Міхаіла Літвіна дзякуючы відэа з энэргетыкам Lit energy, які вырабляе стрымер. За найлепшы ролік расейскі блогер абяцаў падарыць аўтамабіль. Беларус здымаў ролікі «Адзін літр Энжэра вам ці два іншаму» з бяздомнай жанчынай Вікторыяй. Відэа так спадабаліся карыстальнікам, што гэты дуэт у выніку здабыў галоўны прыз – BMW M4.
Пра сябе пераможца расказаў, што яму 17 гадоў, ён з Гомеля, вучыцца ва ўніверсітэце, любіць хадзіць у спартзалу. Са слоў хлопца, гераіні яго ролікаў 55 гадоў, яна жыве ў знаёмых. Ён мае намер прадаць аўтамабіль і ўкласці грошы ў кантэнт, а таксама набыць Вікторыі кватэру, каб яна больш не была бяздомнай.