The Washington Post: Пуцін сур'ёзна пралічыўся
5- 1.04.2025, 17:35
- 10,384

Эканамічная пазіцыя гаспадара Крамля яшчэ слабейшая за ягоную пазіцыю на полі бою.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ён «раз'юшаны» на Пуціна за тое, што той тармозіць ягоныя намаганні, накіраваныя на спыненне вайны ва Украіне. Яго расчараванне ўзмацнілася пасля таго, як Пуцін запатрабаваў адхілення прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Пуцін цягне час і, здаецца, не разумее, што ён не ў тым становішчы, каб выстаўляць патрабаванні. Расея неверагодна слабая, як эканамічна, так і ў вайсковым плане, а гэта значыць, што ў гэтых перамовах у Трампа на руках усе карты, адзначае Марк Тысан, калумніст The Washington Post (пераклад - zn.ua).
- У 2022 годзе Пуцін планаваў вайну, якая працягнецца некалькі тыдняў, але зараз ён апынуўся ў зацяжным канфлікце, які спусташае чалавечы, вайсковы і фінансавы капітал Расеі. Гэта дае Трампу вялізныя вагары ўплыву. Калі Пуцін адмовіцца ад яго патрабаванняў аб міры, Трамп можа разгарнуць кампанію максімальнага ціску на Маскву ў іранскім стылі, якая спустошыць Расею, - піша калумніст.
Тысан дадае, што запасы бранятэхнікі ў Пуціна настолькі нізкія, што ён быў вымушаны выкарыстоўваць танкі і бронемашыны савецкіх часоў, некаторыя з якіх датуюцца 1950-мі гадамі. Ён нават зноў уводзіць у эксплуатацыю старыя савецкія танкі, якія выкарыстоўваліся ў якасці кінарэквізіту на "Масфільме", найбуйнейшай расейскай кінастудыі.
Расейская абаронна-прамысловая база не можа паспяваць за сёлетнімі тэмпамі страт. Са слоў вайсковага аналітыка ISW Джорджа Бароса, Расея страчвае блізу 350 танкавых і артылерыйскіх установак штомесяц, але можа вырабляць усяго 20 замен. Пры цяперашніх тэмпах страт, як паведамляе Wall Street Journal, у Расеі скончацца танкі ў наступным годзе.
Пуцін ідзе на такія вялізныя стратэгічныя ахвяры людзьмі і матэрыяльнымі сродкамі дзеля такіх нязначных тактычных перамог «таму што ён хоча стварыць уражанне, што сітуацыя для ўкраінцаў пагаршаецца, і што Расея рухаецца наперад», кажа Барос.
Але рэальнасць такая, што ў Расеі няма ні войскаў, ні абсталявання для дасягнення вайсковых мэтаў Пуціна ва Украіне, дадае Тысан.
Эканамічная пазіцыя Пуціна яшчэ слабейшая за яго пазіцыю на полі бою. Расейскія выдаткі на вайну (якія, паводле ацэнак, складуць 41% усіх дзяржаўных выдаткаў у 2025 годзе) прывялі да двухзначнай інфляцыі, імклівага росту адсоткавых ставак і катастрафічнай нястачы працоўнай сілы.
Адзінае, што ўтрымлівае расейскую эканоміку ад краху - гэта рэзкі рост даходаў ад экспарту нафты і газу, падарунак Пуціну ад прэзідэнта Джо Байдэна. Калі б Трамп меў паспяховую кампанію максімальнага ціску на Расею ў іранскім стылі, ён мог бы паставіць яе на калені.
- Трамп можа перакрыць Пуціну эканамічнае выратавальнае кола, выкарыстоўваючы тыя ж інструменты, якія ён паспяхова выкарыстаў супраць Ірана падчас свайго першага тэрміну, што рэзка скараціла продаж іранскай нафты з прыкладна 1,9 мільёна барэляў у дзень у 2017 годзе да каля 400 тысяч у 2020 годзе, што нанесла шкоду ўсяму рэгіёну, - тлумачыць калумніст.
Трамп таксама можа выкарыстоўваць кампанію максімальнага ціску на полі бою. Падчас перадвыбарнай кампаніі Трамп паабяцаў павялічыць плынь амерыканскай зброі ва Украіне, калі Пуцін не пагодзіцца спыніць баявыя дзеянні.
Калі Трамп разважыць, што расейскі лідар з'яўляецца перашкодай на шляху да міру, і стукне па ім эканамічнымі санкцыямі і ўзмацненнем вайсковай падтрымкі Кіева, Расея апынецца ў свеце болю. Бо рэальнасць такая, што Пуцін эканамічна і вайскова слабы і не мае дарогі да перамогі. Не ён трымае карты, а Трамп. І ён рыхтуецца імі згуляць, рэзюмаваў Тысан.