У Беларусі прызналі экстрэмісцкім лагатып брытанскага брэнду адзення
21- 1.04.2025, 18:03
- 17,038

Брэнд заснаваны ў 1976 годзе анархістам Стэфанам Рэйнарам.
Эксперты вызначылі, што ў малюнку лагатыпа Boy London угледжваюцца прыкметы праявы экстрэмізму.
Лагатып аднаго з брытанскіх брэндаў адзення прызнаны экстрэмісцкім, тавары з ягонай выявай знятыя з продажу на маркетплэйсе OZON, паведамілі ў аўторак у Генеральнай пракуратуры Беларусі.
Пракуратура Гомельскай вобласці высветліла, што на гандлёвых пляцоўках у інтэрнэце прадаецца адзенне гандлёвай маркі Boy London – брэнду, які ў 1976 годзе стварыў і зарэгістраваў у Вялікай Брытаніі анархіст Стэфан Рэйнар.
«Лагатып названай маркі мае падабенства з выявай "партыйнага арла" Нацыянал-сацыялістычнай працоўнай партыі Нямеччыны», – сказалі ў пракуратуры, удакладніўшы, што ён у Беларусі ўваходзіць у пералік забароненай нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі.
Ва ўстанове адзначылі, што арол Boy London у адрозненне ад арыгінала трымае ў лапах кола ў выглядзе літары «О», а не свастыку, што тым не менш выклікае ў людзей аналогіі з гербам трэцяга рэйху. Пры гэтым, нягледзячы на адмаўленне кіраўніцтвам маркі падабенства, лагатып увесь час зазнае крытыку.
«Знаходжанне ў свабодным абароце прадукцыі гэтай гандлёвай маркі нівелявала ў насельніцтва, у першую чаргу ў маладога пакалення, нецярпімасць да нацызму», – паведамілі ў Генпракуратуры.
Абласная камісія ў правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі пагадзілася, што ў выяве лагатыпа бачацца прыкметы праявы экстрэмізму, у выніку суд Цэнтральнага раёна Гомеля на заяву пракурора прызнаў яго экстрэмісцкім матэрыялам. Пастанова пачала законнае дзеянне, выява ўнесеная ў адпаведны рэспубліканскі спіс.
У ходзе нагляду было вызначана, што на маркетплэйсе OZON ёсць у продажы футболкі і спартовыя касцюмы з выявай лагатыпа Boy London. На адрас ТАА «ОЗОН Маркет Бел» было накіраванае прадпісанне, пасля чаго гэтыя тавары пляцоўка зняла з продажу.