2 красавiка 2025, Серада, 22:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Банкі Беларусі масава ўводзяць змены

1
Банкі Беларусі масава ўводзяць змены

Ад рэзкага павышэння ставак у крэдытах да адмовы ад некаторых пазык.

Беларускія банкі ў красавіку ўводзяць змены для сваіх кліентаў. «Люстэрка» склала падборку такіх навінаў.

«Цэптэр Банк» з 2 красавіка павышае адсоткавую стаўку ў крэдыце «Крэдыт mini». Яна складзе 15,99 адсотка гадавых. Як паведамілі ў кантакт-цэнтры банка, яшчэ 1 красавіка стаўка была на ўзроўні 9 адсоткаў.

«Парытэтбанк» абвясціў, што з 2 красавіка ўнясе змены ў некаторых крэдытах. Так, з гэтай даты часова прыпыняць афармленне пазык «iParitet # mini» і «Крэдыт на набыццё аўтамабіля». Таксама банк спыніць прыём заявак на «Крэдыт на спажывецкія патрэбы тэрмінам на 10 гадоў». Што тычыцца пазыкі «Спажывецкі крэдыт #Будуць грошы 2.0», то максімальны тэрмін, на які яго можна ўзяць, знізяць да 84 месяцаў (цяпер магчыма аформіць да 120 месяцаў).

«Тэхнабанк» з 1 красавіка перагледзеў камісію за пераводы ў далярах у іншыя фінустановы. Яна складае 30 даляраў +1% ад памеру пераводу, але не больш за 350 даляраў. «Пераводы ажыццяўляюцца шляхам адпраўкі плацяжу з актуальнага рахунку фізічнай асобы. Можа спаганяцца ў беларускіх рублях паводле курсу Нацбанка Беларусі на дзень аплаты», – удакладняе банк.

«Прыёрбанк», як і анансаваў, з 1 красавіка ўвёў штомесячную плату за сэрвіснае абслугоўванне валютных рахункаў кліентаў, якія трымаюць у банку буйныя грошы. Новы збор будзе тычыцца сродкаў, якія захоўваюцца ў далярах, еўрах, злотых, фунтах стэрлінгаў, швэйцарскіх франках і швэдскіх кронах. Мінімальны парог, з якога бяруць плату, складае 30 тыс. даляраў. У гэтым выпадку камісія складзе 500 рублёў за месяц. Для некаторых кліентаў яна будзе складаць 12000 рублёў за месяц.

«Беларусбанк» абвясціў, што ягоныя кліенты да 30 красавіка могуць аформіць картку Visa Gold Клуба «Лэдзі» са зніжаным коштам:

10 рублёў пры замове праз інтэрнэт-банкінг, М-банкінг, сайт банка, праз тэлефон 147 кантакт-цэнтра, у інфакіёску (звычайна – 25 рублёў);

20 рублёў пры афармленні ў аддзяленнях банка (звычайна – 35 рублёў),

1 рубель пры замове віртуальнага «пластыка» ў інтэрнэт-банкінгу (стандартны кошт – 10 рублёў).

Таксама «Беларусбанк» з 30 красавіка ўвядзе змены, якія датычацца базавых разліковых рахункаў.

«Белаграпрамбанк» 31 сакавіка паведаміў, што часова прыпыніў магчымасць падаць заяўку на крэдыт «Лёгкія пакупкі».

«Белгазпрамбанк» з 1 красавіка ўнёс змяненні ў камісіі за паслугі банкаўскага захоўвання, гэта значыць дэпазітарных ячэек.

У «БСБ Банка» з 1 красавіка з'явіліся новаўвядзенні ва ўмовах доступу ў бізнэс-залы аэрапортаў з прэміяльнымі картамі Visa Platinum і Visa Infinite. Яны датычацца колькасці наведванняў: Visa Infinite стала безлімітнай, а ў Visa Platinum застаюцца два бясплатныя наведванні за год.

«Неа Банк Азія» паведаміў, што з 30 красавіка ўносяцца змены ў пералік узнагародаў за безнаяўнае залічэнне грошай у валюце (за выключэннем валютаў РФ і Казахстана) на рахункі фізічных асобаў. Плата за безнаяўнае залічэнне грашовых сродкаў на рахункі фізічных асобаў складзе 2,5 адсотка ад памеру пераводу.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках