Целаахоўнік Мэсі больш не зможа выбягаць на поле ў матчах MLS
- 1.04.2025, 20:02
- 3,648

Ён абараняе аргенцінскага футбаліста ад фанатаў, якія выбягаюць на поле.
Асабісты целаахоўнік форварда «Інтэр Маямі» Ліянэля Мэсі Ясін Чуэка расказаў, што MLS забараніла яму выбягаць на поле, каб абараняць аргентынца ад фанатаў, якія выбягалі на поле.
«Яны больш не дазваляюць мне знаходзіцца на полі», – цытуе Чуэка Goal.
У MLS фанаты рэгулярна выбягаюць на поле, каб зрабіць сэлф з Мэсі. «Я правёў у Еўропе сем гадоў, працуючы ў Лізе 1 і Лізе чэмпіёнаў, і толькі шэсць чалавек за той час выбеглі на поле. Я прыехаў у ЗША і за 20 месяцаў працы на поле ўжо выбеглі 16 чалавек. Тут гэта вялізная праблема. Праблема не ўва мне. Дазвольце мне дапамагчы Мэсі», – дадаў Чуэка.
Сваю працу з васьміразовым уладальнікам «Залатога мяча» Чуэка прадоўжыць. «Я адчуваю сябе часткай ягонай сям'і, і я старанна працую, каб абараніць яго, не толькі фізічна, але і псіхалагічна, таму што ён вельмі давярае мне і залежыць ад мяне, і я аддаю яму ўсю сваю ўвагу. Ён вельмі сціплы», – дадаў Чуэка.