2 красавiка 2025, Серада, 23:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэмакрат ужо 17 гадзінаў выступае ў Сенаце з крытыкай палітыкі Трампа

10
Дэмакрат ужо 17 гадзінаў выступае ў Сенаце з крытыкай палітыкі Трампа

Коры Букер заявіў, што прадоўжыць выступаць «да таго часу, пакуль будзе фізічна ў стане».

Сенатар-дэмакрат Коры Букер пачаў выступ у Сенаце, каб выказаць сваю крытыку і незадаволенасць палітыкай адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Ягоная прамова доўжыцца ўжо 17 гадзінаў. Пра гэта сведчыць трансляцыя выступу.

Перад пачаткам прамовы Букер заявіў, што пайшоў у Сенат, таму што Трамп і кіраўнік Дэпартамента эфектыўнасці ўраду (DOGE) Ілан Маск «прадэманстравалі поўнае грэбаванне вяршэнствам права, Канстытуцыі і патрэбаў амерыканскага народа».

Як піша CNN, Букер пачаў свой выступ 31 сакавіка а 19-й паводле мясцовага часу і на стан 1 красавіка 12-й ён прадаўжаецца (19-я паводле Менска). Дэмакрат пратэстуе супраць дзеянняў Трампа, заяўляючы, што будзе прадаўжаць выступаць «да таго часу, пакуль будзе фізічна ў стане».

Гэты выступ не з'яўляецца філіябастарам, паколькі сенатар не перашкаджае прыняццю законаў або прызначэнняў. Ён будзе прадаўжаць свой выступ, пакуль трыбуна застаецца адкрытай, а супрацоўнікі сесійнай залы і паліцыя Капітолія застаюцца на месцы, зазначае выданне.

«Толькі за 71 дзень прэзідэнт Злучаных Штатаў нанёс столькі шкоды бяспецы амерыканцаў, фінансавай стабільнасці і асноўным прынцыпам нашай дэмакратыі. Гэта не нармальныя часы для Амерыкі. І яны не павінны разглядацца як такія ў Сенаце Злучаных Штатаў», – заявіў Букер.

Сенатар ад штата Нью-Джэрсі выказаўся супраць палітыкі прэзідэнта ЗША ў пытаннях сацыяльнага забеспячэння, адукацыі, іміграцыі і аховы здароўя, піша New York Times.

У сваёй прамове палітык таксама закрануў знешнюю палітыку. Сярод іншага ён абвінаваціў Дональда Трампа ў паслабленні NATO, сімпатыі да расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна і некарэктных выказваннях у дачыненні да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, якога Трамп назваў «дыктатарам».

Акрамя таго, Букер нагадаў пра пагрозы Трампа на адрас Панамы і Грэнландыі, а таксама ягоную ідэю перайменаваць Мексіканскі заліў.

Аднак Букер «павінен прайсці доўгі шлях», каб пабіць рэкорд Сената, адзначае The Guardian. У 1957 годзе рэспубліканец Стром Тэрманд выступаў 24 гадзіны і 18 хвілінаў, каб заблакаваць Акт аб грамадзянскіх правах.

Як піша AP News, 55-гадовы Коры Букер нарадзіўся ў Вашынгтоне, а вырас у Нью-Джэрсі. Ён расказваў, што ягоная сям'я сутыкалася з дыскрымінацыяй праз колер скуры, калі бацькі спрабавалі набыць дом.

Букер гуляў у футбол у Стэнфардзе, вывучаў права ў Ельскім універсітэце і працаваў адвакатам, дапамагаючы малазабяспечаным сем'ям. Пасля стаў мэрам Ньюарка (найбуйнейшага горада Нью-Джэрсі) і сенатарам ЗША.

У 2013 годзе ён перамог на пазачарговых выбарах у Сенат, а пазней – на поўныя тэрміны ў 2014 і 2020 гадах. У 2020 годзе Букер удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах, але ягоная кампанія не дасягнула поспеху.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках