Белы дом: Трамп наведае Саудаўскую Аравію ў траўні
- 1.04.2025, 21:02

Гэта будзе першы замежны візіт прэзідэнта ЗША.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп наведае Саудаўскую Аравію ў траўні. Пра гэта ў аўторак, 1 красавіка, заявіла прэс-сакратарка Белага дому Караліна Левіт падчас брыфінгу з журналістамі.
«Прэзідэнт накіруецца ў Саудаўскую Аравію ў траўні. Што тычыцца канкрэтных датаў і дэталяў, мы паведамім іх вам, як толькі зможам», – сказала Левіт.
Левіт заявіла, што Вашынгтон прадаўжае працаваць над спыненнем агню ва Украіне. Аднак датычна сітуацыі ў Газе яна не згадала пра спыненне баявых дзеянняў, а адзначыла падтрымку Ізраілю.
Напярэдадні Трамп заявіў, што плануе наведаць Саудаўскую Аравію і іншыя краіны Блізкага Усходу «ў наступным месяцы».
Дакладных датаў Трамп не агучыў, але ўдакладніў, што гэта можа адбыцца «ў наступным месяцы ці, магчыма, крыху пазней». Паводле словаў прэзідэнта, ён збіраецца ў Катар і ў «некалькі іншых краінаў».
31 сакавіка выданне Axios паведаміла, што Трамп плануе наведаць Саудаўскую Аравію ў сярэдзіне траўня падчас свайго першага замежнага візіту.
Патэнцыйную паездку абмяркоўвалі ў апошнія тыдні паміж высокапастаўленымі чыноўнікамі ЗША і іх саудаўскімі калегамі, сярод іншага датычна перамоваў аб вайне Расеі супраць Украіны, якія адбыліся ў Саудаўскай Аравіі, паведамілі крыніцы.