УСУ ліквідавалі ў Курскай вобласці «героя Расеі»
8- 1.04.2025, 21:48
- 9,986

Камандзіра агнявой групы спецыяльнага прызначэння Расгвардыі сёння пахавалі ва Уладзікаўказе.
«Героя Расеі», камандзіра агнявой групы спецыяльнага прызначэння Расгвардыі Марата Тыбілава (пазыўны «Таліб»), ліквідаванага ў Курскай вобласці, пахавалі ва Уладзікаўказе на мемарыяльных могілках. Пра гэта паведаміў у тэлеграм-канале кіраўнік Паўночнай Асеціі Сяргей Мяняйла.
Марат Тыбілаў нарадзіўся 20 жніўня 1988 года ў паселішчы Чэрмэн, размешчаным у прыгарадным раёне Паўночнай Асеціі. Пазней з сям'ёй пераехаў ва Уладзікаўказ. Скончыў Паўночна-Каўказскі ваенны інстытут унутраных войскаў МУС РФ. Тыбілаў быў камандзірам агнявой групы сілаў Цэнтра спецыяльнага прызначэння Расгвардыі.
Пра ліквідацыю Тыбілава Расгвардыя паведаміла 28 сакавіка 2025 года. Часовы выканаўца абавязкаў губернатара Курскай вобласці Аляксандр Хінштэйн удакладніў, што Тыбілаў загінуў «у выніку прамога ўдару з боку УСУ па тэрыторыі Чаркаскага Парэчнага Курскай вобласці».
У 2022 годзе «за праяўленыя мужнасць і гераізм» пры выкананні задачаў у зоне баявых дзеянняў маёр быў узнагароджаны двума ордэнамі Мужнасці. 23 лютага 2025 года дыктатар Расеі Уладзімір Пуцін уручыў Тыбілаву медаль «Залатая Зорка» Героя Расеі.