«Грошай у Лукашэнкі няма і не прадбачыцца»
17- 10.04.2025, 12:32
- 33,982

З'явілася дадатковае пацвярджэнне таго, што казна ўжо пустая.
Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў заявіў аб рэфінансаванні пазык перад Расеяй, але дакладныя сумы і ўмовы застаюцца ўтоенымі.
Чаму рэжым Лукашэнкі працягвае ўтойваць звесткі пра дзяржпазыку? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з беларускім палітолагам Анатолем Котавым:
- У мяне ёсць толькі вельмі кароткі адказ. Сэнс хаваць гэтыя звесткі ёсць толькі ад насельніцтва і бізнэсу, каб не разумелі фінансавай сітуацыі. Магчыма, грошай не тое, каб не, а няма зусім. І не прадбачыцца.
Для замежных і міжнародных арганізацый гэта не такі ўжо вялікі сакрэт. У рамках ЕАЭС, няхай і не публічна, уся гэтая інфармацыя вядомая.
- З улікам таго, што Беларусь усё глыбей апускаецца ў пазыковую залежнасць ад Расеі, наколькі гэтая мадэль «рэфінансавання» небяспечная ў доўгатэрміновай перспектыве?
- У самым абавязку няма нічога дрэннага, калі ён кіраваны і выдаткі на яго абслугоўванне невялікія. Кожная краіна так жыве.
Аднак у выпадку запазычанасці перад Расеяй цягам апошніх гадоў няма інфармацыі аб выплаце пазыкі. Рэфінансаванне ў гэтым выпадку выглядае як нарошчванне пазыкі і павелічэнне адсоткавых выплат. Калі запазычанасць не будзе спісаная, яе давядзецца аддаваць. Аднак, у цяперашнім фармаце гэта сапраўды не праблема Лукашэнкі ці Селіверстава, а тых, хто будзе пасля іх.
- Нядаўна СМІ пісалі пра масавыя ператрусы ў агенцтвах нерухомасці. Ці можа гэта быць часткай кампаніі ўладаў па выбіванні грошай з прыватнага сектара, каб кампенсаваць выдаткі на пазыкі і рэпрэсіі, якія растуць?
- Ператрусы будуць працягвацца і пашырацца на іншыя сферы. Гэта толькі дадатковае пацвярджэнне таго, што казна пустая ўжо зараз. Напоўніць яе можна толькі старой добрай «прадразвёрсткай». Можна, вядома, сябе суцяшаць, што пасля прадразвёрсткі быў НЭП, але перажылі тыя страшныя часы не ўсе.