«Смяяўся ўвесь квартал і смяецца да гэтага часу»
2- 11.04.2025, 20:54
- 24,594

У Менскім раёне адбылася цікавая гісторыя.
Пацешная гісторыя адбылася ў Менскім раёне. Адказныя мясцовыя жыхары разгарнулі цэлую аперацыю выратавання рэдкай яшчаркі, якая замярзае на вуліцы. Тое, што яшчарка не рухалася, нікога не збянтэжыла: падумалі, што яна застыла ад холаду. Праўда, не пачала рухацца яна і на наступную раніцу. Праз суткі стала зразумела: цуду не здарыцца – жывёла зробленая з сілікону, піша Onliner.
Заўважыла яшчарку ў пад'езда дзіця, расказала пра знаходку маме, а тая выклала фатаграфію ў агульны чат з пытаннем, хто згубіў жывёлу. На паведамленне ніхто не адгукнуўся, а праз некалькі гадзінаў яшчарка заставалася ўсё на тым жа месцы.

– І тут ужо пачаліся перажыванні, што яна замерзне, дзе гаспадары, можа, нехта возьме яе на ператрымку. У нас у цэлым людзі ў квартале вельмі клапатлівыя – не раз ужо ратавалі котак з кацянятамі, прыстройвалі іх, – расказала журналістам жыхарка «Пірса» Дар'я.
У чаце адгукнуліся заводчыкі, у якіх ёсць свае яшчаркі. Яны вызначылі, што гэта белая агама – вельмі рэдкі від. Даволі хутка знайшоўся чалавек, які быў гатовы ўзяць яе ў вольны тэрарыум, але атрымлівалася прыехаць у яго толькі на наступны дзень.
– Таму ён прасіў на дзень забраць яе дадому ў слоік, каб не змерзла – інакш загіне, шкада. У мяне ёсць котка, так што кацянятаў я ніколі не магла ўзяць сабе. А тут – наважылася. Знайсці трохлітровы слоік не праблема, – успамінае Дар'я.
На выратаванне жывёлы яна рушыла ўжо ўвечары. Яшчарка выглядала змерзлай, увогуле не рухалася. Эксперты выказалі здагадку, што яна ўпала ў анабіёз.
– Калі я падштурхоўвала яе ў слоічак, у яе пачалі варушыцца лапкі – і ўсе зарадаваліся, што яна жывая і атрымаецца яе выратаваць. На выцягнутых руках я панесла яе дадому. Таму што, праўда, не ведала, укусіць яна ці не, атрутная ці не атрутная, як адрэагуе на такія замахі, – смяецца Дар'я. – Аднесла дадому – і мне пачалі пісаць, як правільна яе даглядаць.

Паставіла побач з батарэяй, загарнула ў ручнік вялікую бутлю побач з ёй, каб яна адагравалася. А ўсе суседзі дружна пыталіся, як справы ў яшчаркі.
Дар'я прызнаецца, што мінімальныя сумневы ў яе былі – надта ўжо каламутнымі ў яшчаркі здаваліся вочы. А раптам цацка? Але муж запэўніў: так, гэта ўсё праз стан, не можа цацка быць такой рэалістычнай.
Высветлілася – можа. Тое, што і на раніцу яна не пачала варушыцца, узмацніла сумневы. Да таго ж суседзі прыгадалі, што дзеці гулялі з яшчаркай з адарванай ножкай – гэта было яе вядомай рысай, а хтосьці даслаў у чат спасылку на краму з вельмі падобнай цацкай.

Больш дэталёвае вывучэнне паказала: гэта сапраўды сілікон – лапы моцна цягнуліся. Падабенства ўзмацняў пыл ад знаходжання на вуліцы. Пазней знайшоўся і маленькі гаспадар цацкі. Дарэчы, ножку яна страціла ў сапраўднай сутычцы з дамашняй коткай.
– Я напісала суседзям: дзякуй усім за клопат, суткі мы ратавалі цацку. Але думаю, гэта найлепшы зыход гэтай гісторыі. Смяяўся ўвесь квартал і смяецца да гэтага часу.