Радослаў Сікорскі: Цягам найбліжэйшых тыдняў ЗША зменяць сваю палітыку
1- 11.04.2025, 16:26
- 6,556

Цярпенне Амерыкі не бясконцае.
Цярпенне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўжо амаль скончылася. Масква, зацягваючы мірныя перамовы аб Украіне, вельмі моцна рызыкуе.
Такую заяву зрабіў кіраўнік польскага МЗС Радослаў Сікорскі ў інтэрв'ю некалькім замежным тэлеканалам, паведамляе Dialog.UA.
Міністр адзначыў, што ў гутарцы з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта ЗША заўважыў рост незадаволенасці. Спробы дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна зацягнуць мірнае ўрэгуляванне вайны там цудоўна ўсведамляюць.
«Цярпенне Амерыкі не бясконцае. Пуцін спрабуе цягнуць час, нагнятаць абстаноўку… Хутчэй за ўсё, ужо цягам найбліжэйшых тыдняў ЗША зменяць сваю палітыку (у дачыненні да Расеі — рэд.)», — распавёў кіраўнік МЗС Польшчы.
Ён чакае хуткага прызнання Вашынгтонам відавочнага факту: Крэмль не жадае спынення кровапралітнай вайны, якую ён развязаў супраць Украіны.
Адзначым, што, паводле інфармацыі выдання Axios, Трамп устанавіў Крамлю дэдлайн па наступленні поўнага замірэння ў вайне супраць Украіны. Калі расейскі дыктатар не пойдзе на дамоўленасць ужо да канца гэтага месяца, яго чакаюць новыя жорсткія санкцыі.