Newsweek: Расея рыхтуецца да балючага ўдару
11- 15.04.2025, 19:37
- 14,882

Масква занадта залежыць ад экспарту нафты і газу.
Бурная плынь тарыфаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, магчыма, не закранула Расею наўпрост, але можа нанесці балючы ўдар па яе эканоміцы. Праблема ў тым, што Масква залежыць ад экспарту нафты і газу.
Выданне Newsweek піша, што тарыфы ўжо паўплывалі на кошты расейскай нафты, якія імкліва абрынуліся 2 красавіка і з таго часу не паднялася.
«Хоць мэтай увядзення мытаў Трампам, імаверна, не было падзенне коштаў нафты, нізкія кошты «чорнага золата» ў доўгатэрміновай перспектыве негатыўна адаб'юцца на расейскай эканоміцы», - мяркуе прафесар міжнароднага бізнэсу фінскага Універсітэта Турку Кары Ліухта.
«Аднак для таго, каб паўплываць на дзеянні расейскага кіраўніцтва, кошт нафты павінен заставацца нізкім цягам некалькіх гадоў».
Уплыў абмежавання коштаў
Амерыканскі мільярдэр Рэй Даліё папярэдзіў, што ЗША «вельмі блізкія да рэцэсіі» праз мыты Трампа і ўзрушэнні на фондавым рынку, і могуць сутыкнуцца з «нечым значна горшым, чым рэцэсія».
«Падзенне коштаў нафты праз чаканую рэцэсію ў ЗША будзе значным і моцна паўплывае на даходы Расеі ад продажу нафты», – адзначыў спецыяліст у эканамічных войнах і дацэнт эканомікі ва Універсітэце Сурэя ў Вялікай Брытаніі Эрык Голсан.
Кошты нафты ўпалі прыкладна на 25% у параўнанні з сярэднім паказчыкам мінулага года, сказаў Голсан, што адпавядае чаканай штогадовай страце даходаў Расеі ў суме 50 мільярдаў даляраў.
Са слоў Ліухта, Расеі ўдаецца часткова аслабіць націск нафтавых санкцый, прадаючы сырую нафту трэцім краінам, якая затым закупляецца заходнімі краінамі ў выглядзе перапрацаваных нафтапрадуктаў.
Расейскі газ пацярпіць
Хоць нафта складае большую частку даходаў Расеі, мыты таксама могуць ударыць па экспарту расейскага газу, прынамсі, ЗПГ.
«Нягледзячы на тое, што Амерыка не ўводзіла ніякіх тарыфаў канкрэтна для Расеі, гэта ўскосна адаб'ецца на коштах нафты, а пасля і газу. Менавіта праз газ Расея сапраўды пацярпіць», - распавяла малодшая навуковая супрацоўніца Каралеўскага інстытута аб'яднаных службаў Аўра Сабатус.
Да 2022 года на долю Расеі прыпадала да 40% еўрапейскага імпарту газу, а цяпер гэты паказчык складае блізу 11% уключна з ЗПГ, дадала яна. За мінулыя гады на еўрапейскі рынак выйшлі іншыя гульцы, як ЗША і Катар.
Некаторыя еўрапейскія гульцы пачалі задумвацца над аднаўленнем імпарту расейскага газу, як толькі будзе падпісанае пагадненне аб спыненні агню ва Украіне.
Аднаўленне паставак «блакітнага паліва» з Расеі ў Еўропу будзе спалучанае са шматлікімі перашкодамі.
Са слоў Сабатусы, гэтыя пастаўкі ў Еўропу, а таксама амерыканскія пастаўкі ЗПГ зніжаюць попыт на расейскі экспарт. Аднак у Еўропе агулам існуюць некаторыя асцярогі наконт таго, наколькі моцна кантынент можа залежаць ад ЗША, пачынаючы ад забеспячэння вайсковага патэнцыялу і заканчваючы энэргазабеспячэннем.
«Перспектывы Расеі адпраўляць больш ЗПГ у Еўропу – патэнцыйна аднавіць некаторую долю рынку, аднавіўшы трубаправодны экспарт у Еўропу, – знікаюць, прынамсі, у агляднай будучыні», – падсумавала яна.