19 красавiка 2025, Субота, 7:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Індыя надумала замяніць Расею на рынку зброі

Індыя надумала замяніць Расею на рынку зброі

Адзін з першых поспехаў Індыі - Арменія.

Скарачэнне паставак расейскай зброі на сусветны рынак на 64% за апошнія пяць гадоў адкрылі новыя магчымасці для Індыі. Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі хоча ператварыць краіну ў глабальную фабрыку не толькі ў вытворчасці iPhone, але і зброі. З высокай дзеллю імавернасці Індыя будзе адбіраць рынак у Расеі і прадаваць яе традыцыйным кліентам набоі, ракеты, гелікаптэры і вайсковыя караблі. У сваёй стратэгіі экспарту Дэлі арыентуецца на краіны Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі і Паўднёваўсходняй Азіі, піша The Moscow Times.

У рамках праграмы аб пашырэнні продажаў зброі Індыя плануе накіраваць не менш як 20 новых вайсковых аташэ ў свае амбасады да сакавіка 2026 года. Аташэ ўжо знаходзяцца ў Алжыры, Марока, Гане, Танзаніі, Аргентыне, Эфіопіі і Камбоджы. Многія з гэтых краін маюць вялікую гісторыю закупак савецкай і расейскай вайсковай тэхнікі, якая адрозніваецца ад набояў NATO. Буйным пастаўшчыком у Афрыку з 2020 да 2024 гады была Расея, і, са звестак SIPRI, на ейную дзель прыпадае 21% імпарту. Алжыр - адзін з найбуйнейшых кліентаў Расеі і атрымліваў з яе блізу 48% сваёй зброі. "Расабаронэкспарт" не стаў каментаваць планы Індыі і спаслаўся на перамовы аб супольнай вытворчасці з ёй і пастаўкі ў трэція дзяржавы, "прыязныя да Расеі".

Адзін з першых поспехаў Індыі - Арменія, дзе з мінулага года знаходзіцца індыйскі вайсковы аташэ. Індыя ўжо падарвала манаполію Расеі на пастаўкі ўзбраення Арменіі, апошняя заявіла, што не можа спадзявацца на Маскву. Паводле звестак SIPRI, у перыяд з 2022 да 2024 года Індыяй было прададзена 43% зброі, імпартаванай Арменіяй, у параўнанні з амаль нулявым аб'ёмам у перыяд з 2016 да 2018 года.

Паваротным момантам стаў украінскі канфлікт, са слоў індыйскага чыноўніка, які адказвае за рост экспарту зброі. Запасы з заходніх арсеналаў пастаўляліся Кіеву, а расейскія заводы вырабляюць боепрыпасы для ўласных патрэб. Гэта прымусіла іншыя краіны, якія гістарычна падзяваліся на Вашынгтон і Маскву, шукаць альтэрнатывы, такія як Індыя.

Планы Індыі, аб якіх стала вядома агенцтву Reuters, прадугледжваюць беспрэцэдэнтныя намаганні ўрада ў завабліванні і фінансаванні замежных пакупнікоў ва ўмовах сусветнага пераўзбраення. Індыя пашырае магчымасці імпарту з дапамогай дзяржаўнага Экспартна-імпартнага банка (EXIM). Ён дае доўгатэрміновыя і недарагія крэдыты кліентам, чые палітычныя ці крэдытныя рызыкі могуць абмяжоўваць доступ да звычайнага фінансавання, распавялі Reuters два індыйскія чыноўнікі. Са слоў чатырох чыноўнікаў, Дэлі рыхтуецца да пашырэння паставак - пачаў арганізоўваць сустрэчы паміж замежнымі дэлегацыямі і яе збройнымі падрадчыкамі для дэманстрацыі тэхнікі, напрыклад баявых гелікаптэраў.

У 2023-2024 фінансавым годзе Індыя зрабіла зброі на $14,8 млрд - гэта на 62% больш, чым у 2020 годзе. Урад Модзі паставіў мэту падвоіць экспарт узбраенняў і абсталявання да $6 млрд да 2029 года. Ён спадзяецца, што продажы выйдуць за рамкі боепрыпасаў, стралковай зброі і абсталявання, якія цяпер складаюць большую частку вайсковага экспарту краіны. Са слоў дзвюх індыйскіх крыніц, Індыя можа вырабляць 155-міліметровыя артылерыйскія набоі коштам ад $300 да $400 за штуку, у той час як еўрапейскія аналагі прадаюцца даражэй $3000.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках