Навошта Нарышкін прыязджаў у Беларусь?
31- 16.04.2025, 20:05
- 42,848

Палітолаг раскрыў планы Масквы.
Дырэктар Службы замежнай выведкі Расеі Сяргей Нарышкін наведаў Менск. Яго інфармацыя была вельмі сціплай і кароткай. З гэтага цяжка зрабіць якія-небудзь высновы пра мэту візіту. Хутчэй за ўсё ніякіх асаблівых заданняў не было. Звычайная паездка на тэрыторыю, якую Масква лічыць сваёй зонай кантролю. Для праверкі лаяльнасці мясцовага кіраўніцтва і чарговай дэманстрацыі расейскай ваяўнічасці Захаду, піша ў аўтарскай калонцы на «Радыё Свабода» палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.
Варта адзначыць, што візіты ў Менск высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў суправаджаюцца некаторымі дэманстратыўнымі жэстамі і пагрозамі на адрас Еўропы. У траўні мінулага года Уладзімір Пуцін прыязджаў у Менск, каб абмеркаваць планы выкарыстання тактычнай ядзернай зброі. У снежні 2024 года прэзідэнт Расеі наведаў беларускую сталіцу, каб падпісаць Пагадненне аб гарантыях бяспекі паміж Беларуссю і Расеяй і абвясціць аб планах размяшчэння ў Беларусі найноўшага расейскага ракетнага комплексу "Арэшнік".
Вось Нарышкін прыбыў і расказаў беларускім дзяржаўным СМІ пра агрэсіўныя планы NATO, якія нібыта рэалізуюцца ў Польшчы і краінах Балтыі. І традыцыйна на іх адрас выказваліся пагрозы. Усё як звычайна, у традыцыях апошніх гадоў.
Дырэктар Службы замежнай выведкі таксама абмеркаваў вайну ва Украіне. І ён вельмі жорстка, без усялякай дыпламатыі сфармуляваў умовы, пры якіх Расея гатова да замірэння.
«Умовы мірнай дамовы прадугледжваюць, вядома, бяз'ядзерны, нейтральны статут Украіны, дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю ўкраінскай дзяржавы <…>.
Прасцей кажучы, Масква гатовая да замірэння толькі пры ўмове капітуляцыі Украіны.
У гэтым і палягае сэнс выкарыстання Расеяй «беларускага балкона» — прыстрашыць кулаком суседзяў Беларусі. І ў той жа час поўнасцю ўцягнуць паслухмянага хаўрусніка ў сваю вайсковую палітыку і геапалітычны канфлікт з Захадам.