У Маскве паводле справы аб шпіянажы арыштаваны саліст філармоніі Тувы
7- 16.04.2025, 18:42
- 7,730

Спявак знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА «Лефортава».
Саліста Тувінскай дзяржаўнай філармоніі Цэцэндэлгэра Тэгшээ арыштавалі ў Маскве паводле абвінавачання ў шпіянажы, паведамляе «Медыязона» ў сераду, 16 красавіка. Спявак знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА «Лефортава».
Арышт Тэгшээ яшчэ 29 студзеня санкцыянаваў Лефортаўскі раённы суд Масквы, але інфармацыя пра гэта не публікавалася. Падрабязнасці справы невядомыя. Згодна з расейскім заканадаўствам, артыкул аб шпіянажы можа быць ужыты толькі да замежных грамадзянаў. Выданне мяркуе, што ў Тэгшээ ёсць грамадзянства Манголіі.
На сайце «Культурная спадчына Тувы», звязаным з рэспубліканскім Мінкультам, паведамляецца, што Тэгшээ нарадзіўся ў Манголіі ў сям'і жывёлагадоўцаў, у 2010 годзе паступіў у Кызылскае вучылішча мастацтваў, а з 2018 года выступае ў Тувінскай філармоніі. Там жа працуе ягоная жонка Алена Куулар.
Як піша «Медыязона», сацсеткі Тэгшээ перасталі абнаўляцца больш за два месяцы таму – апошнія публікацыі датаваныя 25 студзеня. Ягоная жонка адмаўляе, што спявак затрыманы. Яна сказала выданню, што Тэгшээ знік з сацсетак, таму што з'ехаў да бацькоў-пастухоў і «там няма сувязі», але ён «хутка выйдзе на сувязь». У Тувінскай філармоніі на пытанне аб затрыманні саліста адказалі, што «паняцця не маюць» пра гэта і кінулі слухаўку. У консульстве Манголіі ў Маскве адмовіліся каментаваць справу Тэгшээ і не адказалі на пытанне, ці наведваў консульскі працаўнік саліста ў СІЗА.