19 красавiка 2025, Субота, 16:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У камандзе Кувейта ў хакеі запальвае нараджэнец Гародні

1
У камандзе Кувейта ў хакеі запальвае нараджэнец Гародні

Не спатрэбіўся дома – затое гуляе на чэмпіянаце свету.

З 13 да 19 красавіка ў Ерэване праходзіць чэмпіянат свету ў хакеі сярод камандаў чацвёртага дывізіёну. У складзе каманды Кувейта адну з галоўных роляў выконвае беларус Валерый Будзевіч.

Валерый нарадзіўся ў Гародні, яму 23 гады. На радзіме нападнік выступаў за фарм-клубы «Ліды» і гродзенскага «Нёмана». Таксама на ягоным рахунку сем матчаў за галоўную каманду «Ліды», піша «Люстэрка».

Але вялікіх даляглядаў у Беларусі Будзевіч не бачыў і рушыў па хакейную экзотыку. З сезону 2022/23 ён гуляе ў Кувейце ў клубе Kuwait Stars.

«Насамрэч кантракт са сваёй камандай я падпісаў яшчэ летась – у канцы траўня. Але вельмi шмат часу заняла падрыхтоўка дакументаў. Кувейт – даволі закрытая краіна. Турыстычных візаў не выдаюць, заехаць у яе можна толькі з працоўнай. Чакаць афармлення ўсіх дакументаў давялося паўгода», – расказваў беларус у сакавіку 2023 года.

У гэтым сезоне ён атрымаў спартовае грамадзянства Кувейта, а з ім і права гуляць за мясцовую каманду. Беларус – не адзіны натуралізаваны хакеіст у камандзе. Напрыклад, разам з ім гуляюць расейцы Ілья Драздзецкіх, Антон Цыбін, серб Баян Зідарэвіч. Валерый ужо ўдзельнічаў сёлета ў Азіядзе (Кувейт фінішаваў дзявятым сярод 14 камандаў), а цяпер выступае на чэмпіянаце свету.

У Ерэване сабраліся хакейныя карлікі, бо ніжэйшых за іх узроўнем турніраў у сусветным календары проста няма. За адзіны квіток у дывізіён на ранг вышэй змагаюцца шэсць камандаў. Кувейт, напэўна, застанецца без выніковай перамогі. Будзевіч з партнёрамі саступілі Узбекістану – 3:13, разграмілі Інданезію (15:6) і Малайзію (22:9), а таксама адолелі ў авертайме армянаў – 5:4. Хутчэй за ўсё, найлепшым у табліцы будзе Узбекістан.

Перад заключным матчам з Іранам Валерый ідзе трэцім у спісе найлепшых бамбардзіраў турніру. Нападнік набраў у чатырох матчах 21 бал – 9 галоў і 12 перадачаў.

«У асноўным [у Кувейт] прыбываюць людзі з нафтавай галіны. Шмат дзяўчатаў з Расеі, якія адкрываюць салоны прыгажосці. Працоўную візу атрымаць складана. Тут не як у Дубаі – турыстычных візаў няма. Адпаведна сям'ю прывезці складана», – расказваў у сакавіку 2025-га Драздзецкіх, які, як і Будзевіч, гуляе за Kuwait Stars.

Паводле словаў расейца, у Кувейце распаўсюджаны адпачынак у пустыні:

«Уначы тут халаднавата. Людзі прыязджаюць на спецыяльных машынах, дзе ёсць газ, вада. Распальваюць вогнішча, п'юць гарбату, смажаць мяса. Гэта для іх адпачынак. У Кувейце забаронены алкаголь, тут няма начных клубаў. Многія людзі займаюцца спортам. Як паспеў заўважыць, мясцовыя амаль не пакутуюць на атлусценне».

Адзначым, што Будзевіч – не першы беларус, якога пастанавілі натуралізаваць у краіне, дзе пра хакей амаль нічога не чулі. Так, напрыклад, у камандзе ААЭ на заходзе кар'еры паспеў засвяціцца цяперашні гендырэктар менскага «Дынама» Арцём Каркоцкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках