Літва і Латвія будуць дабівацца нядопуску Беларусі на Еўра-2026 у футзалу
4- 18.04.2025, 12:19
- 1,332

Краіны-гаспадыні Еўра-2026 у футзалу выступаюць супраць удзелу Беларусі ў турніры.
Літва і Латвія выступілі за забарону ўдзелу Беларусі на чэмпіянаце Еўропы ў футзалу, які пройдзе ў гэтых краінах у пачатку 2026 года, паведамляе «Еўрарадыё».
Кіраўнік Латвійскай федэрацыі футбола Вадзім Лашэнка заявіў, што «мы не можам арганізаваць турнір з удзелам Беларусі».
- Да канца гэтага тыдня або пачатку наступнага тыдня ў нас будзе дакладнае разуменне таго, як гэта будзе адбывацца.
На гэты момант шмат невядома, бо відавочна, што мы не можам арганізаваць мерапрыемства з удзелам Беларусі ў Латвіі, як з заканадаўчага, так і з этычнага пункту гледжання.
Пакуль ідзе камунікацыя з УЕФА, Літоўскай федэрацыі футбола, паслом Украіны ў Латвіі і кіраўніком УАФ Андрэем Шаўчэнкам, і як толькі ў нас будзе дакладная пазіцыя УЕФА, мы абавязкова праінфармуем грамадскасць, - заявіў Вадзім Лашэнка мясцовым СМІ.
Літва таксама будзе дабівацца нядопуску Беларусі да ўдзелу ў турніры.
- Тое, што мы не будзем з імі [Беларуссю - Еўрарадыё] гуляць, і іх не будзе тут, у Літве, - і так ясна. Мая пазіцыя ў гэтым выпадку будзе жорсткай, - заявіў парталу tv3.lt прэзідэнт Літоўскай федэрацыі футбола (ЛФФ) Эдгарас Станкявічус.
Ён пацвердзіў словы латвійскага калегі, што сумесная пазіцыя Літвы, Латвіі і Украіны будзе абнародавана ў бліжэйшы час.
Па словах Станкявічуса, калі УЕФА ўсё ж дапусціць Беларусь да ўдзелу ў чэмпіянаце, то рашэнне будзе прымаць сама ЛФФ.
Нагадаем, раней зборная Беларусі па футзале кваліфікавалася ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы, які мусяць прыняць Літва і Латвія ў 2026 годзе.