Экспэрт спрагназаваў тры варыянты паводзін ЗША ў дачыненні да Украіны
5- 18.04.2025, 17:28
- 4,298

"Можа з'явіцца нешта падобнае на лэндліз".
Цяпер ёсць тры магчымыя сцэнары паводзін Злучаных Штатаў Амерыкі наконт вайны ва Украіне.
Пра гэта ў каментары YouTube-каналу РБК-Украіна заявіў палітолаг Алег Саакян.
Паводле ягоных слоў, першы варыянт - гэта выкарыстанне Расеяй ЗША як інструмента ціску на Украіну. Больш магчымы сцэнар - калі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп проста самаўхіляецца і "махае рукой" на вайну, не ўмешваючыся ў сітуацыю.
Самым верагодным экспэрт назваў сцэнар: Трамп думае, што "нічога тут не зробіш", і перадае адказнасць за развязанне канфлікту Еўропе. У гэтым выпадку ў ЗША разгортваецца апаратная барацьба, у якой, на думку экспэрта, можа перамагчы крыло дзяржсакратара Марка Рубіё - адэкватныя галасы, якія падтрымліваюць абмежаваны санкцыйны ціск на Расею і даюць Украіне дапамогу - зброю, але выключна за аплату.
На думку Саакяна, на лэндліз разлічваць не варта, хоць нешта падобнае можа з'явіцца, калі пазіцыі Трампа аслабнуць.
“Цяпер я не бачу сцэнара, што ЗША адчыняюць усе засекі для Украіны і прадаюць усё, аддаюць усё”, - падкрэсліў Саакян.
Ён таксама нагадаў, што нават F-16, якія вырабляюцца ў ЗША і з'яўляюцца найбольш шматлікімі ў іх авіяпарку, амерыканцы не пастаўлялі Украіне - гэта робяць іншыя краіны.
“І Patriot нават прадаваць Трамп не хоча”, - дадаў ён, прагназуючы, што наперадзе ў Кіева яшчэ вельмі жорсткія перамовы са Злучанымі Штатамі.