Бунт у Краснадары: 100 салдат РФ зламалі загароду і вырваліся з часткі
8- 19.04.2025, 8:12
- 20,700

Бунтаўшчыкі ўвайшлі на тэрыторыю вайсковай камендатуры.
У Краснадары (РФ) адбыліся масавыя ўцёкі салдат з вайсковай камендатуры, дзе яны ўтрымліваліся за самавольнае пакіданне часткі (СПЧ).
Пра гэта паведамляе Astra.
Адзначаецца, што амаль сто расейскіх вайскоўцаў удзельнічалі ў спробе такіх уцёкаў з часткі.
Як гаворыцца ў публікацыях расмедыяў, у раёне краснадарскай в/часткі сілавікі перацялі 2-ю Працоўную вуліцу, на месцы шмат супрацоўнікаў паліцыі, працягваецца агляд аўтамабіляў.
Паводле звестак Telegram-канала Baza, амаль 100 збеглых вайскоўцаў перад гэтым утрымлівалі на тэрыторыі адной з вайсковых камендатур «у спецыяльна абгароджаным месцы». Таксама адзначаецца, што салдаты зламалі агароджу і ўжо выйшлі на тэрыторыю камендатуры.
Паводле папярэдніх звестак, вайсковыя ўцекачы ў Краснадары не былі ўзброеныя. Звесткі аб пацярпелых або ахвярах у выніку інцыдэнту не паступалі.
Акрамя таго, перадаюць расмедыі, тэрыторыя мясцовай вайсковай камендатуры была акружаная з усіх бакоў расгвардзейцамі і аўтамабілямі паліцыі.
Пакуль не вядома, ці ўдалося камусьці з вайскоўцаў уцячы з Краснадарскай в/ч.
