«Гэта ўтойваюць нават ад Пуціна»
14- 19.04.2025, 8:24
- 25,220

Расейскі «ваенкар» раскрыў праўду аб вайне супраць Украіны.
У расейскім войску склалася катастрафічная сітуацыя. Тактыка мясных штурмаў прыводзіць да каласальных страт, прасоўванняў на фронце амаль няма, зброя жудаснай якасці. Пра гэта адкрыта распавёў у інтэрв'ю расейскаму прапагандысцкаму рэсурсу «Аўрора» Z-блогер Максім Клімаў, паведамляе Dialog.UA.
На пытанне вядоўцы аб тым, ці перамагае Расея ва Украіне, Клімаў адказаў, што «толькі на тэлевізіі». Насамрэч, усё вельмі і вельмі дрэнна ва УС РФ.
«У нас працісканне (фронту – рэд.) ідзе. Прадушванне коштам вельмі вялікай крыві. На ўзроўні вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва ўсведамлення маштабу гэтых страт няма. Яны ўтойваюцца. І мне вельмі складана называць словам «перамагаюць» тое, што рэальна адбываецца на фронце, тое, якім коштам гэта даецца… Гэта пірава перамога! Агулам, як ваюе сістэма - гэта катастрофа! «Мавік» здымае, як па адкрытым полі некалькі кіламетраў пехатою (ідуць УС РФ у наступ - рэд.). Першая група не дайшла, другая не дайшла, трэцяя не дайшла… (Іх знішчае) арта і FPV… Так ваяваць - гэта проста злачынна! У нас няма такой колькасці насельніцтва. Бачыш людзей і разумееш, што праз некалькі дзён пераважнай большасці ў жывых ужо не будзе. Дзіўная сітуацыя з накатамі на матацыклах робіцца. Асабліва, калі з людзей грошы на гэтыя матацыклы яшчэ збіраюць. Мужыкоў, якія на іх упершыню селі, па адкрытым полі! Без артылерыйскай падтрымкі! (...) А чаму без артылерыйскай падтрымкі? А таму што паведамілі наверх, што ўжо ўсё ўзятае... Таксама масава ідуць набоі некандыцыйныя. З найдзікім роскідам па масе… Дакладна імі страляць немагчыма», - заявіў Клімаў.
Распавёў ён таксама пра тое, як вышэйшае камандаванне расейскага войска ператварыла вайну ў бізнэс на крыві. «Калі пачаць паднімаць тэму «мяснікоў» (камандзіраў УС РФ, якія адпраўляюць салдат у мясныя штурмы - рэд.), як адбіраюцца ў салдат (заробкавыя) карткі і абнуляюцца. Людзі фактычна загінулі, а ў іх грошы з картак здымаюцца. Ніхто не хоча ў гэтых пытаннях разбірацца… Ніхто не хоча разабрацца, калі людзі паміраюць, якія сталі сведкамі гэтага, якія спрабуюць гэтаму супрацьдзейнічаць», - заявіў Z-патрыёт. Ён прагназуе Расеі вялікі і бязлітасны бунт вайскоўцаў адразу пасля спынення так званай «СВА». «Цяпер людзей стрымлівае вайна. Калі раптам замірэнне адбудзецца, сітуацыя рэзка абвастрыцца… Сістэма ірване з улікам таго, што ў ёй назапасілася! Там адчыняецца скрыня Пандоры. У нас масу зброі туды (у РФ - рэд.) нацягнулі!» – распавёў Клімаў.