19 красавiка 2025, Субота, 16:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп на раздарожжы

9
Трамп на раздарожжы

Ці выйдуць ЗША з мірных перамоў што да Украіны?

Дональд Трамп не здолеў выканаць пастаўленую задачу - дамагчыся спынення агню ва Украіне да Вялікадня. Аднак напярэдадні ўсё ж адбылося прыкметнае дыпламатычнае ажыўленне - адначасова з наўпроставымі пагрозамі амерыканцаў наогул выйсці з працэсу.

РБК-Украіна распавядае, што адбывалася вакол перамоў аб заканчэнні вайны ва Украіне на гэтым тыдні і якія варыянты дзеянняў зараз засталіся ў Трампа.

Актывізацыя перамоў

На гэтым тыдні публічных кантактаў паміж Вашынгтонам і Масквой амаль не было, але відавочна, што Штаты актывізавалі неафіцыйныя каналы. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што чакае ад Расеі пастановы аб спыненні вайны ва Украіне ўжо на гэтым тыдні.

У сваю чаргу, віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс у пятніцу заявіў, што Штаты настроеныя аптымістычна. «Нават за апошнія 24 гадзіны, мы думаем, што ў нас ёсць некаторыя цікавыя рэчы, пра якія мы можам паведаміць», - сказаў ён перад сустрэчай з прэм'ер-міністрам Італіі Джорджай Мелоні.

Зрэшты, абодва амерыканскія лідары не ўдакладнілі дэталяў. А як паказала практыка дамоўленасцяў у Савудаўскай Арабіі, дэталі тут з'яўляюцца вызначальнымі.

Ключавая дыпламатычная падзея тыдня адбылася 17 красавіка ў Парыжы, дзе ўкраінскія, амерыканскія і еўрапейскія чыноўнікі правялі серыю сустрэч. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон праводзіў асобныя перамовы з дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё і спецпасланнікам Трампа аб Расеі Стывам Уіткафам. Рубіё таксама тэлефанаваў кіраўніку МЗС Расеі Сяргею Лаўрову.

Паводле інфармацыі Bloomberg, ЗША прапанавалі аслабіць санкцыі супраць Расеі, а гэта патрабуе наўпроставага прыцягнення Еўропы - менавіта там замарожаная большасць расейскіх актываў. Іншыя складнікі плана ЗША - замарожванне канфлікту па існай лініі судакранання і зняцце пытання аб чаленстве Украіны ў НАТА. Зрэшты, шанцы, што ЕЗ пойдзе на аслабленне санкцый, пакуль мінімальныя.

Са слоў кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Андрэя Ермака, такім чынам сфармаваўся новы перамоўны фармат, які будзе вельмі эфектыўны. Спачатку ўкраінская дэлегацыя сустрэлася з прадстаўнікамі «кааліцыі рашучых», затым з амерыканскімі чыноўнікамі, і нарэшце была супольная сустрэча ўсіх удзельнікаў. Акрамя таго, фактычна ўпершыню за адным сталом удалося сабраць прадстаўнікоў Украіны, ЗША і Еўропы, бо раней амерыканцы проста казалі, што не бачаць еўрапейцаў удзельнікамі перамоў.

Пасля сустрэчы дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што ЗША спыняць спробы выступіць пасярэднікам цягам некалькіх дзён, калі не з'явяцца відавочныя прыкметы таго, што пагадненне можа быць дасягнутае. Пасля Трамп пацвердзіў, што ЗША сапраўды могуць выйсці з працэсу. «Калі ў нейкім чынніку адзін з бакоў стварае сур'ёзныя перашкоды, мы проста скажам: «Вы дурныя, вы жудасныя людзі», - і адмовімся ад усяго. Але, спадзяемся, да гэтага не дойдзе», - заявіў прэзідэнт ЗША.

Разам з тым, прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі пакуль няма «дакладных контураў» пагаднення з ЗША аб замірэнні з Украінай, але «вядзецца дастаткова напружаная праца» ў гэтым кірунку. У сваю чаргу, сталы прадстаўнік Расеі ў ААН Васіль Небензя заявіў, што спыненне агню зараз з'яўляецца «нерэалістычным».

Расейскія ўдары і рознагалоссі ў камандзе Трампа

На фоне перамоў Расея прадоўжыла тэрарыстычныя ўдары па тэрыторыі Украіны. Адной з самых крывавых стала атака па цэнтры горада Сумаў на Вербніцу 13 сакавіка. Рэакцыя амерыканскага кіраўніцтва на яго была рознай. Спецпрадстаўнік Трампа ў пытаннях Украіны Кіт Келаг назваў удар «за межамі прыстойнасці». Марка Рубіё выказаў «глыбокія спачуванні» ахвярам удару.

Але сам Дональд Трамп назваў гэта «жахлівай памылкай». На пытанне журналістаў, што менавіта ён мае на ўвазе пад словам «памылка», амерыканскі лідар не стаў удакладняць.

Акрамя таго, ЗША не падтрымалі заяву Вялікай сямёркі, якая асуджае расейскі ўдар па Сумах. Паводле крыніц Bloomberg, адміністрацыя Трампа паведаміла хаўруснікам, што не можа падпісаць заяву з асуджэннем нападу, бо «працуе над захаваннем прасторы для мірных перамоў». Бо сустрэчы паміж Белым домам і Крамлём прадаўжаюцца.

Як паведамілі крыніцы The Wall Street Journal, група ў асяроддзі Трампа, у якую ўваходзяць Рубіё і Келаг, рэкамендавала прэзідэнту ЗША праяўляць вялікую асцярожнасць у стасунках з Пуціным. Напрыклад, заняць больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да патрабаванняў Масквы аб тэрытарыяльных саступках з боку Кіева. Аднак Трамп дагэтуль стаіць на баку свайго паплечніка Уіткафа, які займае адкрыта прарасейскую пазіцыю.

У сваю чаргу, Уіткаф у каментары нядаўніх перамоў з Пуціным назваў іх «пераканаўчымі» і заявіў, што яны абмеркавалі «крокі, якія могуць пакласці канец вайне ва Украіне», а таксама стварыць новыя магчымасці для бізнэсу. Ключ да агульнага пагаднення, як растлумачыў Уіткаф, «круціцца вакол «пяці тэрыторый» Украіны - гаворка ідзе аб акупаваным Крыме і чатырох часткова акупаваных абласцях на Поўдні і Усходзе Украіны. Пры гэтым пасля Уіткаф паўтарыў банальныя тэзісы расейскай прапаганды аб «стаўленні Украіны да расейскамоўных рэгіёнаў».

Прагрэс «мінеральнага» пагаднення паміж Украінай і ЗША

На гэтым тыдні значна рушылі наперад перамовы па шматпакутнай дамове аб карысных выкапнях. 17 красавіка віцэ-прэм'ер-міністр - міністр эканомікі Юлія Свірыдэнка разам з міністрам фінансаў ЗША Скотам Бэсэнтам падпісалі Мемарандум аб намерах паміж урадам ЗША і ўрадам Украіны, які тычыцца стварэння Фонду інвестыцый у аднаўленне.

Мемарандум прадугледжвае дакладныя часовыя рамкі для далейшых перамоваў. На наступным тыдні, з 21 красавіка, з гэтай мэтай ЗША мусіць наведаць прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль. А ўжо да 26 красавіка перамовы наконт тэксту самой дамовы, паводле мемарандума, павінны скончыцца, з яго «хутчэйшым падпісаннем» пасля.

Важны момант, названы ў мемарандуме - ЗША паважаюць намер Украіны пазбегнуць канфлікту раздзелаў будучага пагаднення і абавязацельстваў па еўраінтэграцыі. Аднак, у мемарандуме не пазначаная сума дапамогі, якую падалі ЗША для Украіны за перыяд з 2022 года. Таксама цалкам чакана адсутнічаюць і ўсе згадкі аб гарантыях бяспекі для Украіны.

Дэталі ўгоды застаюцца нераскрытымі, але паводле звестак Bloomberg, адміністрацыя Трампа знізіла ацэнку дапамогі, якую ЗША надалі Кіеву з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі, з 300 млрд даляраў да прыкладна 100 млрд даляраў. Але Штаты ўсё яшчэ разглядаюць пагадненне як магчымасць кампенсаваць выдаткі ва Украіне за кошт прыбытку з фонду, сума якога так і застаецца невядомай.

Украіна хоча набыць у ЗША комплексы Patriot

14 красавіка прэзідэнт Зяленскі заявіў, што Украіна гатовая набыць у ЗША новыя сістэмы Patriot або атрымаць ліцэнзіі на іх вытворчасць. З яго слоў, Украіна гатовая выдаткаваць 15 мільярдаў даляраў на куплю 10 сістэм, якія змогуць абараніць найбуйнейшыя гарады. Ён таксама паведаміў, што некаторыя еўрапейскія партнёры выказалі гатоўнасць дапамагчы фінансава ў гэтым закупе.

На гэтую прапанову Трамп адказаў фактычным абвінавачаннем Украіны ў вайне. «О, я не ведаю. Ён заўсёды жадае набываць ракеты, ведаеце. Ён супраць... Слухайце, калі вы пачынаеце вайну, вы павінны ведаць, што можаце перамагчы ў гэтай вайне. Вы не пачынаеце вайну супраць кагосьці, хто ў 20 разоў большы за вас, а потым спадзеяцеся, што людзі дадуць вам нейкія ракеты», - заявіў Трамп.

Зяленскі так пракаментаваў адказ свайго візаві: «Ён (Трамп - рэд.) мне сказаў, што Амерыка будзе працаваць над гэтым. Пакуль, акрамя гэтага, у мяне няма іншай інфармацыі».

Магчыма, такая пазіцыя ЗША закліканая не ствараць лішняе напружанне ў дыялогу з Расеяй.

Трамп на ростанях

Як і пісала раней РБК-Украіна, з набліжэннем Вялікадня Трамп сапраўды актывізаваўся на ўкраінскім трэку, спрабуючы знайсці выхад з тупіку, у які патрапілі перамовы.

І зараз амерыканскі прэзідэнт апынуўся на раздарожжы з некалькімі варыянтамі далейшых дзеянняў.

Першы - паспрабаваць зноў націснуць на Украіну ўжо праверанымі метадамі: прыпыненнем вайсковай дапамогі і выведвальных звестак. Нягледзячы на ўсю сваю абсурднасць, такі варыянт магчымы ў выпадку, калі ў Белым доме пераможа канцэпцыя, якую Стыву Уіткафу ўклалі ў вушы расейцы. Што справа толькі ў «пяці рэгіёнах» і дастаткова ўкраінцам адтуль сысці - праблема будзе развязаная.

Другі варыянт - нарэшце ўсвядоміць, што для заканчэння вайны перш за ўсё трэба ўплываць на Расею, як галоўную перашкоду да міру. Зрэшты, тут узнікаюць два падварыянты, бо дзейнічаць можна і бізуном, і пернікам. Амерыканскія медыі падаюць абодва варыянты як магчымыя. Так, паводле звестак Axios, канец красавіка - гэта той умоўны дэдлайн, які Вашынгтон паставіў перад Масквой. І калі Крэмль не пойдзе на патрабаванні Трампа наконт рэальнага міру, то Расею могуць чакаць новыя санкцыі (бо на вербальныя пагрозы, як даўно вядома, Пуцін не рэагуе).

Аднак паводле інфармацыі Bloomberg, Штаты наадварот спрабуюць спакусіць расейцаў перспектывай паслаблення санкцый у выпадку спынення вайны, і менавіта такі падыход падчас перамоў у Парыжы амерыканцы прапаноўвалі еўрапейцам. Яшчэ адзін магчымы бонус для краіны-агрэсаркі, аб якім таксама паведамляе Bloomberg - магчымасць прызнання амерыканцамі расейскага суверэнітэту над акупаваным Крымам.

Нарэшце, трэці варыянт – фактычны выхад ЗША з усякіх перамоў, пра што Трамп кажа ўжо адкрыта. Вядома, сам гэты выхад можа выглядаць па-рознаму. Да прыкладу, з прыпыненнем вытворчасці ўжо закантрактаванай для Украіны зброі, ці без такой.

Але ў кожным выпадку, з рэпутацыйнага пункта гледжання самаўхіленне Трампа ад расейска-ўкраінскай вайны будзе для яго сур'ёзным ударам, нават з улікам яго іміджавай «тэфлонавасці».

Амерыканскі прэзідэнт з'яўляецца прызнаным майстрам жанглявання грамадскай увагай і стварэння інфармацый з нічога. І напэўна паспрабуе пераканаць сваіх выбарцаў у тым, што вайна ва Украіне для іх інтарэсаў наогул не важная - замест гэтага варта засяродзіцца, напрыклад, на барацьбе з мігрантамі, тарыфах або акупацыі Грэнландыі, якая хаця б бліжэй, чым Украіна.

Аднак шматлікія апаненты Трампа, перш за ўсё ў шэрагах дэмакратаў, не будуць губляць магчымасці нагадаць яму пра найбольш правальнае з усіх замежнапалітычных абяцанняў - заканчэнне вайны ва Украіне. І асабліва актыўна будуць нагадваць з набліжэннем прамежкавых выбараў у Кангрэс у лістападзе наступнага года.

Пагатоў, у выпадку самаўстаранення Трампа ўласна расейска-ўкраінская вайна не скончыцца. Хутчэй наадварот - акупанты, атрымаўшы развязаныя рукі, паспрабуюць атакаваць з падвойнай сілай.

Таму Трампу ў кожным выпадку трэба будзе знайсці - або прызначыць - вінаватага ў яго правале.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках