Кіраўнік нямецкіх каталікоў ударыў у Пуціна і РПЦ
6- 19.04.2025, 12:59
- 5,716

Яны дзейнічаюць не па-хрысціянску.
Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Нямеччыны Георг Бэтцынг (Georg Bätzing) назваў дзеянні Уладзіміра Пуціна «нехрысціянскімі» і раскрытыкаваў блізкасць Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) і ўладаў РФ. З такімі словамі Бэтцынг выступіў у інтэрв'ю газеце Kölnische Rundschau, апублікаваным у суботу, 19 красавіка, напярэдадні Вялікадня, паведамляе «Нямецкая хваля».
«Пуцін з ягонай нацыяналістычнай маніяй велічы стаіць побач з маскоўскім патрыярхам у велікодную ноч і трымае ў руцэ свечку. Жахліва, што яны ўсё яшчэ хочуць выставіць свае нехрысціянскія дзеянні як хрысціянскія», - сказаў Бетцынг.
«Уварванне ва Украіну тры гады таму. Выбары Дональда Трампа. Гэта свет эгаістаў пад дэвізам: «Калі нехта думае пра сябе, то думае і пра ўсіх» - працягнуў біскуп. - «Але Вялікдзень піша супрацьлеглую гісторыю. Вялікдзень азначае: не, не калі кожны думае пра сябе, то думае і пра ўсіх. Але - калі кожны думае аб усіх». Бэтцынг заклікаў да любові да людзей і салідарнасці, назваўшы гэта «велікодным пасланнем».
Кіраўніцтва РПЦ за вайну ва Украіне
Пасля ўварвання РФ ва Украіну ў лютым 2022 года кіраўніцтва РПЦ падтрымала расейскія ўлады і адлучыла шэраг антываенна настроеных святароў. У сакавіку 2024 года грамадская арганізацыя «Сусветны рускі народны сабор» пад эгідай РПЦ і старшынствам патрыярха Кірыла назвала ўварванне ва Украіну «свяшчэннай вайной» і заявіла, што «ўся тэрыторыя сучаснай Украіны павінна ўвайсці ў зону выключнага ўплыву Расеі».