У Беларусі пабудуюць новыя зоны чакання ля мяжы з ЕЗ
2- 19.04.2025, 14:54
- 2,696

Абстаноўка на мытнай мяжы з Еўразвязам застаецца няпростай.
У Беларусі з'явяцца новыя зоны чакання для транспарту побач з пагранічнымі пунктамі «Каменны Лог» і «Грыгараўшчына». Аб гэтым 18 красавіка паведаміў кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі, піша прэс-служба структуры.
Абстаноўка на мытнай мяжы з Еўразвязам застаецца няпростай, заявіў Уладзімір Арлоўскі. Асабліва складана на польскім кірунку - там працуе толькі адзін грузавы пункт пропуску «Казловічы», а польскі бок, паводле яго слоў, афармляе транспарт у 2-3 разы павольней за норму. У выніку там назапашваюцца доўгія чэргі, якія дасягаюць 1,1-1,4 тысячы грузавікоў.
Каб разгрузіць плынь, каля «Казловічаў» ужо будуюць зону чакання - яе плануюць скончыць да канца года. Пакуль яна не гатовая, выкарыстоўваюць тэхналогію размеркавання аўто ў розных месцах праз электронную чаргу, што дапамагае пазбегнуць затораў на трасе, але стварае нязручнасці для перавозчыкаў і павялічвае выдаткі.
Акрамя таго, на 2026 год запланаванае адкрыццё стаянкі для легкавых аўто ў пункта «Варшаўскі мост» - там прадугледжаныя амаль 450 месцаў. Таксама сёлета пачнецца будаўніцтва другой пляцоўкі ля «Каменнага Лога», а ў «Грыгараўшчыне» стартуе праектаванне.
Агулам пасля заканчэння ўсіх праектаў у краіне з'явіцца дадаткова амаль 2000 парковачных месц, заявіў кіраўнік ДМК.