Зяленскі пракаментаваў «велікоднае перамір'е» РФ
5- 19.04.2025, 19:02
- 18,674

Неўзабаве пасля заявы Пуціна частку Украіны накрыла паветраная трывога.
Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін абвясціў пра «велікоднае перамір'е». Аднак у небе над Украінай да гэтага часу фіксуюць расейскія ўдарныя дроны.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
«Пра чарговую спробу Пуціна пагуляць з жыццямі людзей – цяпер па тэрыторыі Украіны распаўсюджваецца паветраная трывога. У 17:15 у нашым небе зафіксаваныя расейскія ўдарныя дроны», – адзначыў Зяленскі.
Ён растлумачыў, што цяпер украінская супрацьпаветраная абарона і авіяцыя пачалі ўжо працаваць на абарону.
«“Шахеды” ў нашым небе – гэта сапраўднае стаўленне Пуціна да Вялікадня і да жыцця людзей», – падсумаваў ён.
«Велікоднае перамір'е» Пуціна
Сёння, 19 красавіка, расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін заявіў пра ўвядзенне так званага «велікоднага перамір'я». На ягоны загад усе баявыя дзеянні з боку Расеі павінны быць спыненыя з 18-й 19 красавіка да 00:00 21 красавіка.
У Крамлі адзначылі, што рэжым цішыні будзе дзейнічаць толькі пры ўмове ягонага «ўзаемнага захавання кіеўскім рэжымам», фактычна ўскладаючы адказнасць за зрыў перамір'я на Украіну.
Аднак неўзабаве пасля гэтай заявы частку тэрыторыі Украіны, у тым ліку Кіеў, накрыла паветраная трывога.
У небе зафіксавалі варожыя ўдарныя дроны тыпу «Шахед», а ўкраінская СПА і авіяцыя неадкладна пачалі працу па цэлях.