Два беларускія святары сустракаюць Вялікдзень у зняволенні
1- 19.04.2025, 19:03
- 2,046

Лукашысты кінулі настаяцеляў парафій у Валожыне і Шуміліне за краты.
У Вялікі Чацвер, 17 красавіка, напярэдадні Вялікадня, католікі ўспаміналі ўстанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства. У гэты дзень у парафіях вернікі віншуюць святароў з "прафесійным святам", піша katolik.life.
Але двое беларускіх каталіцкіх святароў не змаглі ўдзельнічаць у гэтых падзеях, знаходзячыся ў зняволенні. Цяпер, калі ў храмах Найсвяцейшы Сакрамэнт змясцілі ў імправізаваныя вязніцы ў знак успаміну арышту і зняволення Ісуса Хрыста, двое святароў таксама знаходзяцца за кратамі.
Ксёндз Генрых Акалатовіч, пробашч парафіі ў Валожыне, якога асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў «здрадзе дзяржаве», чакае ў менскім СІЗА адпраўкі ў калонію ўзмоцненага рэжыму.
Айцец Анджэй Юхневіч, пробашч парафіі ў Шуміліне, дагэтуль перажывае суд, які доўжыцца ўжо амаль 4 месяцы з вялікімі перапынкамі.