Кіраўнікі Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў Беларусі павіншавалі з Вялікаднем
1- 20.04.2025, 12:26
- 3,288

Хто заклікаў да паслухмянства, а хто да надзеі?
Кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі Юзаф Станеўскі і экзарх Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Веніямін выступілі з віншаваннямі вернікам 20 красавіка, калі ўсе хрысціяне Беларусі адзначаюць Вялікдзень. Сёлета на адзін дзень прыйшліся і «каталіцкая», і «праваслаўная» даты, піша «Тэлеграф».
Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы экзарх Веніямін у сваім пасланні да вернікаў павіншаваў іх са светлай радасцю і папрасіў не страчваць яе адчування адразу пасля свята.
«Як жа захаваць гэтую радасць і духоўны настрой? У творах святых айцоў гаворыцца, што паслухмянасць – гэта найкарацейшы шлях да збаўлення і набыцця духоўнай радасці. І ў нашы дні яна прыносіць той жа святы плён», – параіў мітрапаліт.
Паводле ягоных словаў, «паслушэнства ў Госпадзе святароў і манахаў свайму святарству, малодшых старэйшым, падначаленых кіраўнікам, дзяцей бацькам, нясенне нягодаў, немачаў адно аднаго – усё гэта, несумненна, сцвярджае гармонію не толькі ў грамадскім і паўсядзённым, але і ў духоўным жыцці».
У сваю чаргу старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі заклікаў вернікаў захоўваць надзею «на канчатковую перамогу дабра над злом».
Ён заклікаў памятаць, што ўваскрашэнне Хрыста закліканае ўмацаваць веру, што «сярод зменлівасці і хаосу сучаснага свету ў розных выпрабаваннях і цярпеннях надалей крыніцай любові і сілы нязменна з'яўляецца ўваскрослы Гасподзь – пераможца смерці, пекла і сатаны»
«Уваскрослы Ісус загадвае сваім вучням ісці ў Галілею – месца, дзе падчас паўсядзённых справаў яны сустрэліся з ім, настаўнікам з Назарэта і пайшлі за ім. Няхай жа і наша сустрэча з жывым Збаўцам, які прысутнічае ў Найсвяцейшым сакрамэнце, дапаможа ў Галілеі нашай штодзённасці знайсці мэту і сэнс жыцця, а таксама ўмацуе надзею на канчатковую перамогу дабра над злом, любові над нянавісцю і жыцця над смерцю. Няхай загарацца нашыя сэрцы, калі ўваскрослы Хрыстос прыйдзе да нас са сваім словам – добрай навіной – і Хлебам Жыцця ў Святой Камуніі», – заклікаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.