Самай старажытнай у Беларусі калекцыі велікодных яек амаль споўнілася 100 гадоў
- 20.04.2025, 21:40
- 1,330

Яна захоўваецца ў Гарадзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.
Самая старажытная ў Беларусі калекцыя велікодных маляванак захоўваецца ў Гарадзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.
Пра гэта супрацоўнікі музея паведамілі агенцтву БелТА.
«Гэта 74 велікодныя пісанкі, сабраныя ў 1930-я гады першым дырэктарам музея Юзафам Ядкоўскім», - распавялі там.
У фондасховішчы захоўваецца калекцыя старажытных маляванак, акуратна выкладзеных у драўляны куфар з кованымі накладкамі. Кожнае яйка змешчана ў кардонную скрыначку, высланую ватай, з указаннем месца яго паходжання. Дзякуючы гэтым паметкам вядома геаграфія калекцыі: вёскі былых Аўгустоўскага і Сувалкаўскага паветаў, а таксама мястэчка Сапоцкін (Гарадзенскі раён). На некаторых скрыначках сустракаецца надпіс "Свяцк".
Як расказала загадчыца аддзела народнай творчасці Святлана Чушынская, для афарбоўвання маляванак выкарыстоўваліся натуральныя фарбавальнікі, прыгатаваныя па старажытных рэцэптах:
Чорны колер атрымлівалі з адвара альховай кары і ржавага жалеза.
Бронзавы - з яблыневай кары і абпаленага збожжа.
Фіялетавы - з пялёсткаў мальвы.
Зялёны - з асінавай кары і лісця амелы.
Карычневы -з кветак алешыны і лісця конскага каштана.