21 красавiка 2025, панядзелак, 15:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр Папа Рымскі Францішак

68
Памёр Папа Рымскі Францішак
Фота: Reuters

Яму было 88 гадоў.

Ватыкан паведамляе аб смерці Папы Рымскага Францішка. Кіраўніку Каталіцкай царквы было 88 гадоў.

Францішак быў першым лацінаамерыканскім лідарам Рымска-каталіцкай царквы. На пасадзе папы ён прабыў 12 год.

Пантыфік быў шпіталізаваны 14 лютага з бранхітам, які абвастрыўся на фоне рэцыдыву. Пазней Ватыкан заявіў, што пасля лячэння пантыфіку давядзецца зноўку вучыцца гаварыць.

Хорхе Марыё Бергальё нарадзіўся ў 1936 годзе ў Буэнас-Айрэсе. Ягоны бацька, італьянскі эмігрант Марыё Хасэ Бергальё быў бухгалтарам на чыгунцы, а маці Рэджына Марыя Сіворы – “адданай жонкай, якая прысвяціла сябе выхаванню іх пецярых дзяцей”, адзначаецца на сайце Апостальскай Сталіцы.

Бергальё атрымаў дыплом паводле спецыяльнасці «хімік-тэхнолаг», але потым усё ж абраў духоўны шлях, паступіўшы ў семінарыю Вілья-Дэвота ў сталіцы Аргентыны. У 1958-м уступіў у ордэн езуітаў пасля акрыяння ад небяспечнай для жыцця пнеўманіі - маладому чалавеку тады выдалілі частку лёгкага.

Ён меў ступень доктара багаслоўя. Выкладаў літаратуру, філасофію і тэалогію ў некалькіх каталіцкіх каледжах у родным Буэнас-Айрэсе. Вольна размаўляў не толькі на гішпанскай, але таксама на італьянскай і нямецкай мовах. Пры гэтым, ужо будучы пантыфікам, Францішак прызнаўся, што ў юнацтве працаваў ахоўнікам у адным з начных клубаў Аргентыны, а таксама прыбіральшчыкам і ставіў доследы ў хімічнай лабараторыі.

Бергальё заўсёды адрозніваўся сціпласцю і вернасцю ідэалам служэння. Яшчэ будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, ён рэгулярна праводзіў рытуал абмывання ног у Вялікі чацвер у турмах, лякарнях, дамах састарэлых і трушчобах. У першы Вялікі чацвер пасля свайго абрання Папам Францішак таксама абмыў і пацалаваў ногі 10 непаўналетнім правапарушальнікам мужчынскага полу і двум непаўналетнім правапарушальніцам (прычым не ўсе з іх былі каталікамі) у рымскім следчым ізалятары Касаль-дэль-Марма. Ён прапаведаваў палітычнае замірэнне. Узначальваў аргентынскую царкву, калі ў снежні 2001 года ў краіне ўспыхнулі беспарадкі. Нестар і Крысціна Кіршнер уважалі яго за палітычнага апанента.

Пасля смерці папы Яна Паўла ІІ у 2005 годзе Бергальё выклікалі ў Ватыкан, каб ён узяў удзел у папскім канклаве ў якасці кардынала-выбарца. Ужо тады аргентынец разглядаўся як папабіль (кардынал, у якога ёсць усе шанцы стаць новым пантыфікам), аднак саступіў на выбарах. Па выніках канклава новым кіраўніком Апостальскай Сталіцы стаў кардынал Ёзаф Ратцынгер, які ўзяў імя Бенедыкт XVI. Аднак у 2013 годзе "нямецкі" папа адрокся з прычыны кепскага стану здароўя.

У 2013-м быў скліканы новы канклаў, на якім Бергальё і быў абраны пантыфікам ва ўзросце 76 гадоў. Упершыню ў гісторыі ён узяў сабе імя Францішак — у гонар аднаго з самых выдатных каталіцкіх святых Францыска Асізскага, заснавальніка беднага ордэна францысканцаў. Да таго часу яно было табу для Папаў, як Ісус ці Пётр. Мяркуецца, што гэтым выбарам кіраўнік Апостальскай Сталіцы абазначае свой духоўны прыклад. Гэтае імя - сімвал беднасці і пакоры не толькі пантыфіка, але і самой царквы. Пры гэтым Францішак не стаў выкарыстоўваць нумарацыю свайго імя, так што ў будучыні адзін з Папаў зможа стаць "Францішкам Першым", калі захоча.

Францішак бачыў сваю місію ў выратаванні Рымска-каталіцкай царквы, якая перажывае крызіс. Ён уважаецца за прыхільніка рэфарматарскага кірунку. “У мяне такое ўражанне, што Ісус быў зняволены ўнутры царквы. І ён стукае ў дзверы, таму што хоча выйсці”, - сказаў кардынал Бергальё незадоўга да свайго абрання. Нямецка-італійскі журналіст, знаўца Ватыкана і біёграф пантыфікаў Марка Паліці прызнаў у інтэрв'ю часопісу Der Spiegel, што Францішак быў вымушаны пераадольваць супраціў “унутрыцаркоўнай апазіцыі”.

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках