«Далей будзе засуха»
12- 21.04.2025, 14:55
- 6,498

На Палессі перасыхаюць балоты.
У Гомельскай вобласці пачалі гарэць тарфянікі, але галоўная пагроза праз перасыханне балот - не толькі пажары, але і падзенне сельскагаспадарчай вытворчасці.
Аб наступствах перасыхання балот - праблемы для ўсяго Палесся, рэгіёнаў Беларусі і Украіны, распавёў украінскаму выданню Seeds заснавальнік цэнтра “Міжрэчанская пушча” Андрэй Сагайдак.
Спецыяліст абазначыў асноўныя праблемы на прыкладзе поўначы Чарнігаўскай вобласці, якая мяжуе з Гомельшчынай. "Флагшток" падае галоўнае з інтэрв'ю, актуальнае таксама для Беларусі.
У гэтым годзе ўзровень вады катастрафічна нізкі. Гэта звязана з тым, што ў мінулым годзе было сухое лета, асабліва яго другая палова. Восень - без дажджоў, а потым і зіма была амаль без ападкаў. Гэта вельмі не характэрная сітуацыя, зазначыў экспэрт:
“Цяпер вясна, але істотных дажджоў дагэтуль не было, на балотах прыкметна знізіўся ўзровень вады. Дзякуючы некалькім дажджлівым дням і снегу, які ненадоўга выпаў, стала крыху лепш. Вада ў балотах усё ж крыху паднялася, а глеба завільгатнела. Але пакуль гэтага недастаткова”.
Цяпер у балоце ўзровень вады характэрны для нармальнага лета, а не для ранняй вясны. А балоты, - гэта, фыктычна, такія рэзервуары, з якіх сілкуюцца малыя рэкі. Балоты ўтрымліваюць узровень грунтавых вод. Калі вада апусцілася на балоце, варта чакаць, што далей будзе засуха. Вада ў студнях можа зноў знікнуць. Такое ўжо было ў 2020 годзе, падобная сітуацыя была і ў 2015 годзе, нагадвае спецыяліст.

Разам з тым раней у такіх маштабах зніжэння ўзроўню вады яшчэ не было. Цяпер назіраецца адная з самых сухіх вёснаў. І такая сітуацыя не толькі на Чарнігаўшчыне, але і на поўначы Жытоміршчыны, якая мяжуе з Лельчыцкім, Ельскім і Мазырскім раёнамі Беларусі:
“Цяпер Палессе павінна быць пераўвільготненым рэгіёнам, менавіта адсюль вада сцякае далей па Дняпры. Але зараз на Палессі суха, і гэта ненармальна. Калісьці лічылася, што Палессе - гэта зона празмернага ўвільгатнення, тут працэсы забалочвання. Але гэтага ўжо даўно няма, плошча балотаў скарачаецца планамерна з кожным годам”.

Таму, калі зараз вялікіх дажджоў не будзе, лета будзе пагрозліва сухім, асабліва гэта паўплывае на аграрыяў. Могуць узмацніцца і тарфяныя пажары.
Экспэрт патлумачыў, што паклады торфу - гэта велізарны запас вугляроду, які там назапасіўся за некалькі тысячагоддзяў. Калі торф высыхае, ён пачынае раскладацца, і вуглярод вызваляецца. А калі ў такое месца яшчэ і заходзіць пажар, - наступствы выкідаў вугляроду ў атмасферу вельмі і вельмі цяжкія.