Як мыты Трампа могуць паўплываць на продажы аўтамабіляў у Беларусі
2- 21.04.2025, 16:50
- 3,654

Дзель кітайскага аўтапрама на беларускім рынку можа змяніцца.
Абвастрэнне гандлёвай вайны паміж ЗША і Кітаем можа прывесці да зніжэння цэн на кітайскія аўтамабілі, што пастаўляюцца ў Беларусь. Такую здагадку зрабіў старшыня ўправы Аўтамабільнай асацыяцыі БАА Сяргей Варывода.
Адказваючы на пытанні журналістаў падчас выніковай прэс-канферэнцыі БАА, ён зазначыў, што калі ЗША будуць захоўваць высокія тарыфы на аўтамабілі з Кітая, то продаж апошніх на амерыканскім рынку знізіцца.
І кітайскім кампаніям давядзецца перанакіраваць частку вырабленых для амерыканскага рынку аўтамабіляў у іншыя краіны. Пры гэтым іх кошт для некаторых рынкаў можа зменшыцца.
«Ёсць усе падставы меркаваць, што лішак вырабленых аўтамабіляў можа на больш камфортных умовах (гэта значыць ніжэйшым коштам) паступаць на тыя рынкі, дзе ўмовы працы больш спрыяльныя. У тым ліку і на рынкі краін Еўразійскага эканамічнага саюза», - пракаментаваў кіраўнік БАА.
Са звестак асацыяцыі, дзель кітайскага аўтапрама на беларускім рынку расце ўжо некалькі гадоў. Калі ў 2022 годзе з агульнай колькасці брэндаў, прадстаўленых у Беларусі, кітайскія складалі толькі 14%, то ў 2023-м - ужо 55%, а ў 2024-м - 67% з 21 маркі аўтамабіляў.
Са 100 мадэляў, якія прадаваліся ў Беларусі летась, 63 адсоткі былі кітайскімі. У 2022-м іх было 14%.