Папа Рымскі Францішак цалаваў руку беларускі з дзіўным лёсам
- 22.04.2025, 9:28
- 3,728

І атрымаў унікальны падарунак ад беларуса - ліквідатара аварыі на ЧАЭС.
21 красавіка 2025 года ва ўзросце 88 гадоў памёр Папа Рымскі Францішак. «Комсомолка» расказвае некалькі дзіўных гісторый пра сустрэчы Францішка з простымі беларусамі.
Сустрэўся з беларускай, якую фашысты дзіцем разлучылі з маці ў Асвенцыме.
Травеньскім днём 2021 года людзі ў Ватыкане назіралі за тым, як убеленая сівізной жанчына сталага ўзросту гутарыць з Францыскам. Такіх мімалётных сустрэч з пантыфікам можна ўбачыць нямала. Але раптам дама закасвае рукаў блузкі і нешта яму паказвае на сваім перадплеччы. Папа Рымскі ўважліва глядзіць, а потым схіляе галаву і цалуе яе руку. Там, дзе наколаты нумар 70072.
Гэта была сустрэча Францішка з вязнямі Асвенцыма, а той шаноўнай дамай - 80-гадовая беларуска Лідзія Максімовіч. Але нарадзілася яна зусім пад іншым імем і прозвішчам.
Нумар 70072 фашысты выбілі на руцэ 3-гадовай Людачкі Бачаровай. Яна магла памерці ад голаду, ці ад укусаў сабак, якія пакінулі на ўсё жыццё шнары на яе целе, ці падчас медыцынскіх эксперыментаў доктара-ката Менгеле… Але дзяўчынка выжыла.
Пасля сустрэчы ў Ватыкане аб Лідзіі знялі ў Італіі дакументальны фільм, а журналіст Паола Радары напісаў кнігу «Дзяўчынка, якая адмовілася ненавідзець», правы на выданне якой выкупленыя выданнямі па ўсім свеце. Прадмову напісаў Папа Рымскі Францішак.
Францішак надаў гэтаму сусветны маштаб. І лёс дзяўчынкі з Асвенцыма таго варты. Дзяўчынка і яе маці былі разлучаныя ў Асвенцыме. Польская сям'я Браніславы і Рычарда Радзікоўскіх удачарыла Людмілу і назвала яе Лідзіяй. Дзяўчынка вырасла ў Польшчы, выйшла замуж і стварыла ўжо сваю сям'ю. А ў 1962-м знайшла ў СССР сваю родную маці.

Ліквідатар аварыі на ЧАЭС падарыў Францішку першую мапу радыяцыйнага забруджвання
Яшчэ адна сустрэча папы Рымскага з беларусамі адбылася ў 2016 годзе. Напярэдадні 30-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС восем ліквідатараў з Беларусі прыехалі да Францішка ў Ватыкан.
- Ізноў узносячы малітвы аб ахвярах гэтай катастрофы, выкажам падзяку выратавальнікам і ўсім ініцыятывам, закліканым палегчыць пакуты і ліквідаваць наступствы, - сказаў Папа Рымскі падчас аўдыенцыі.
Сярод тых, хто сустрэўся з Францішкам, былі Адам і Клаўдзія Варанцы з вёскі Уці Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. На момант чарнобыльскай аварыі маладая сям'я настаўнікаў жыла ў Брагінскім раёне, у вёсцы Астраглядах, што за 20 кіламетраў ад атамнай станцыі.
Клаўдзія Варанец расказвала, што падчас аварыі яны займаліся эвакуацыяй дзяцей з вёсак, адвозілі ў піянерскі лагер каля Гомеля. Акрамя таго, яны займаліся дэзактывацыяй. Усё гэта адбілася на здароўі, сур'ёзна захварэла яе дачка.
Прыехалі ў Ватыкан і вайскоўцы-ліквідатары. Уладзімір Грамадскіх у званні маёра войска ў 1986 годзе прыбыў у Камарын у складзе інспекцыі, якая займалася аб'ектамі павышанай небяспекі. У зону ён выязджаў некалькі разоў у 1986-1987 гадах. А яшчэ адзін ліквідатар - Міхаіл Абразоў з Менска - у 1986 годзе працаваў у складзе радыяцыйнай выведкі. У Нараўлянскім раёне яго група брала пробы глеб, вады, паветра і складала першую мапу радыяцыйнага забруджвання.
- Можна сказаць, мы перадавалі першую інфармацыю аб маштабах катастрофы. Неўзабаве гэтыя мапы вывешвалі ў населеных пунктах, каб людзі ведалі, куды можна хадзіць, а куды не, - тлумачыў Міхась.
Ён прывёз Францішку ў падарунак тую самую першую мапу радыяцыйнага забруджвання - 1986 года, якую складаў з калегамі.